Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, у чым вінавацяць экспэртку Тацяну Кузіну, якой пагражае да 12 гадоў зьняволеньня


Тацяна Кузіна

Тацяну Кузіну вінавацяць у змове з мэтай захопу ўлады і закліках да нанясеньня шкоды нацыянальнай бясьпецы.

Менскі гарадзкі суд адхіліў скаргу на меру стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартай для Тацяны Кузінай, экспэрта і выкладчыцы ЭГУ.

Тацяну Кузіну затрымалі ў менскім аэрапорце 29 чэрвеня і зьмясьцілі ў СІЗА на Валадарскага, але дагэтуль не было вядома, у чым яе абвінавачваюць.

Паводле зьвестак з інфармацыйнай дошкі ў Менскім гарадзкім судзе, разьмешчаных 14 ліпеня, Тацяну Кузіну вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Гэта першая частка 357-га артыкулу пра змову альбо дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады і 3-я частка 361-га артыкулу (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы). Максымальнае пакараньне пры такіх абвінавачаньнях – да 12 гадоў зьняволеньня.

Адвакат Тацяны Кузінай знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні.

Тацяна Кузіна ня скардзіцца на здароўе і пачуваецца нармальна. На «Валадарцы» для яе прымаюць перадачы, але лістоў ад Тацяны яшчэ не было, зь ёй толькі бачыўся абаронца, паведаміў муж Тацяны Кузінай.

У 2015 годзе Тацяна Кузіна разам зь іншымі калегамі заснавала Школу маладых мэнэджараў і публічнага адміністраваньня SYMPA, у якой навучаліся больш за 250 грамадзкіх актывістаў, журналістаў, бізнэсоўцаў і дзяржаўных службоўцаў.
Адно з апошніх дасьледаваньняў, над якім працавала Тацяна Кузіна, – «Канцэпцыя рэформы дзяржаўнага кіраваньня».

Тацяну Кузіну арыштавалі перад вылетам у Тбілісі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG