Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гомельскім КДБ дапыталі маладога чалавека з інваліднасьцю

абноўлена

Гомельскія сілавікі, архіўнае фота

Ранкам 14 ліпеня супрацоўнікі КДБ прыйшлі да 26-гадовага жыхара Гомля Артура Юсупава. Ён мае інваліднасьць праз хваробу Бехцерава, ходзіць і стаіць зь цяжкасьцю.

Летась у кастрычніку маладога чалавека затрымлівалі на акцыі пратэсту. Ноч ён правёў у ІЧУ, затым яго аштрафавалі на 550 рублёў.

«З той пары Артура часта выклікалі то ў міліцыю, то ў Сьледчы камітэт. Ён стаў пасьля ізалятару закрытым, бо там яму пагражалі, што падкінуць наркотыкі і ён сядзе ў турму», — расказала ягоная маці Тамара Дасхаева, якая таксама мае інваліднасьць.

«Прыйшлі ранкам, адзін у ружовай кашулі, другі ў блакітнай. Такія прыстойныя людзі. Сказалі, што з КДБ, ім трэба забраць Артура, бо ён быў у чаце ОГСБ і можа быць датычны да тэракту ў Вілейцы. Мы з мужам сварыліся, крычалі, што ён інвалід. Муж казаў: „Вы што, хочаце ўсю краіну перасаджаць за краты?“. А яны сказалі, што калі мы не аддамо Артура, то яны яго пасадзяць на трое сутак», — зазначыла маці.

Хвароба Бехцерава — сыстэмнае захворваньне, якое суправаджаецца хранічным запаленчым пашкоджаньнем суставаў хрыбетніка і таза.

«Сын зь цяжкасьцю рухаецца. Яму цяжка стаяць і хадзіць. Але на пэнсію ў 240 рублёў не пражыць. Таму ён уладкаваўся прадаўцом у краму, хоць яму вельмі цяжка — стаяць, хадзіць, цягаць цяжары. Тым больш хвароба аўтаімунная, і яна прагрэсуе», — дадала Тамара Дасхаева.

Пасьля допыту ў КДБ Юсупава адпусьцілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG