Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе заявілі, што могуць прыпыніць выдаваньне візаў беларусам ў сувязі зь мігранцкім крызісам


Польскае консульства ў Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Эўракамісар па ўнутраных справах Ільва Югансан не выключае, што Эўразьвяз прыпыніць выдаваць візы беларусам праз сытуацыю на літоўска-беларукай мяжы, паведамляе Рыкард Юзьвяк, брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода.

Яна паведаміла гэта 12 ліпеня на пазачарговым сумесным пасяджэньні камітэтаў Эўрапарлямэнту па замежных справах і па грамадзянскіх свабодах, юстыцыі і ўнутраных справах.

«Я адказваю і за візавую палітыку і магу сказаць, што гатовая разгледзець магчымасьць дзеяньняў па прыпыненьні візавага рэжыму датычна Беларусі ў гэтай сытуацыі. Зразумела, мы павінныя забясьпечыць падтрыманьне кантактаў з шараговымі беларусамі, але гэтае пытаньне можна разгледзець», — сказала Ільва Югансан​.

Падобным чынам выказаўся і кіраўнік зьнешняй палітыкі ЭЗ Жузэп Бурэль, які 12 ліпеня заявіў, што ЭЗ разглядае магчымасьць далейшых захадаў супраць Беларусі.

Сёлета колькасьць нерэгулярных мігрантаў, якія прыбываюць у Літву празь Беларусь, персягнула 1600 чалавек, што ў 22 разы больш у параўнаньні зь мінулым годам. Большасьць іх прыбылі зь Іраку, Конга і Камэруна.

Праўда, Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што ўлады Эўразьвязу ня маюць намеру пазбавіць беларусаў магчымасьці атрымліваць візы.

«Мая каманда сёньня зьвязалася з Эўракамісіяй, і інфармацыя аб ініцыятыве прыпыніць выдачу віз беларусам не пацьвердзілася, — напісала ў сваім ТГ-канале Ціханоўская. — Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце зь міжнароднымі партнэрамі, і яны ведаюць нашу пазыцыю: ізаляцыю трэба ўзмацняць у дачыненьні да рэжыму, а народу Беларусі — дапамагаць. Людзям патрэбныя праграмы падтрымкі, рэабілітацыі і спрашчэньні ў атрыманьні візаў — бо ўсе дзьверы, якія закрывае рэжым, мы, беларусы, зараз стараемся адчыніць».

Што было раней

У адказ на санкцыі Эўразьвязу МЗС Беларусі заявіў пра некалькі крокаў:

  • Беларусь прыпыняе свой удзел у ініцыятыве ЭЗ «Усходняе партнэрства».
  • Беларусь пачынае рэалізацыю працэдуры прыпыненьня дзеяньня Пагадненьня аб рэадмісіі з ЭЗ.
  • Беларусь забараніла ўезд у краіну асобам з ЭЗ, якія садзейнічалі ўвядзеньню санкцый.
  • МЗС адклікала сталага прадстаўніка Беларусі пры ЭЗ для кансультацый і рэкамэндавала сталаму прадстаўніку ЭЗ у Менску выехаць для кансультацый у Брусэль.
  • Цана шэнгенскай візы для беларусаў ня зьменіцца. Пра гэта заявіла прэсавая прадстаўніца замежнапалітычнай службы ЭЗ Набіла Масралі. Паводле яе, ЭЗ робіць усё магчымае, каб празь дзеяньні рэжыму Лукашэнкі не апынуўся ў ізаляцыі беларускі народ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG