Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прагнозы: папулісты зь мінімальным адрывам перамагаюць на выбарах у Баўгарыі


Лідэры палітычных партый Баўгарыі, якія бралі ўдзел у выбарах 11 ліпеня 2021 году: Славі Трыфанаў, Бойка Барысаў, Карнэлія Нінава, Хрыста Іваноў, Мустафа Карадай, Мая Манолава
Лідэры палітычных партый Баўгарыі, якія бралі ўдзел у выбарах 11 ліпеня 2021 году: Славі Трыфанаў, Бойка Барысаў, Карнэлія Нінава, Хрыста Іваноў, Мустафа Карадай, Мая Манолава

Паводле прагнозаў, на парлямэнцкіх выбарах у Баўгарыі з адрывам менш за адзін працэнт выходзіць наперад папулісцкая партыя «Ёсьць такі народ».

Як піша DW, афіцыйныя вынікі выбараў абвесьцяць цягам чатырох дзён.

У Баўгарыі другія парлямэнцкія выбары за год, якія прайшлі 11 ліпеня, ня выявілі яўнага пераможцы. Паводле прагнозаў сацыялягічных інстытутаў, зь мінімальным адрывам апярэджвае канкурэнтаў нядаўна створаная папулісцкая партыя «Ёсьць такі народ», якую ўзначальвае шоўмэн Станіслаў Трыфанаў. На другім месцы яе галоўны супернік, партыя «Грамадзяне за эўрапейскае разьвіцьцё Баўгарыі» («ГЭРБ») былога прэм’ера Бойка Барысава, які зь невялікім перапынкам ўзначальваў урад краіны на працягу амаль 12 гадоў.

Як падлічыў Alpha Research, «Ёсьць такі народ» можа атрымаць 24 адсоткі галасоў, а ГЭРБ — 23,5. Паводле Gallup International, разрыў паміж гэтымі дзьвюма партыямі яшчэ менш — 23,2 адсотка супраць 23. Афіцыйныя вынікі выбараў будуць абвешчаныя на працягу чатырох дзён. Яўка на выбарах склала ўсяго 38 адсоткаў.

Пераможцу выбараў давядзецца стварыць урад меншасьці

Паводле прагнозаў, партыя «Ёсьць такі народ» можа сфармаваць кааліцыю разам з правацэнтрысцкім аб’яднаньнем «Дэмакратычная Баўгарыя», а таксама рухам «Устань! Мафія, прэч!», які ўзьнік летам 2020 году падчас пратэстаў супраць карупцыі ў краіне. Разам яны могуць атрымаць 112 з 240 месцаў у парлямэнце і будуць вымушаныя сфармаваць урад меншасьці, які мае патрэбу ў падтрымцы іншых партый — Баўгарскай сацыялістычнай партыі (пераемніцы Кампартыі), а таксама «Руху за правы і свабоды» (ДПС), які прадстаўляе інтарэсы турэцкай меншасьці.

Аднак Трыфанаў называў Сацыялістычную партыю і ДПС партыямі, якія забясьпечваюць статус-кво старым элітам, таму «Ёсьць такі народ» пасьля выбараў у красавіку адмовіўся ад стварэньня ўраду меншасьці, які абапіраўся б на іх падтрымку.

Калі прагнозы пацьвердзяцца, то гэта будзе першая параза партыі ГЭРБ з 2009 году. Выбары ў красавіку гэтая партыя выйграла, набраўшы 26 адсоткаў, аднак з прычыны палітычнай ізаляцыі не змагла сфармаваць кааліцыю.

Апошні год у Баўгарыі праходзілі масавыя пратэсты супраць прэм’ера Бойкі Барысава, якога абвінавачваюць у карупцыі, палітычнай сваволі і парушэньні прынцыпаў прававой дзяржавы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG