Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На літоўскай мяжы затрымалі яшчэ 60 мігрантаў зь Беларусі. У Вільні прапанавалі новыя санкцыі ў адказ


Затрыманыя на беларуска-літоўскай мяжы мігранты
Затрыманыя на беларуска-літоўскай мяжы мігранты

Усяго літоўскія памежнікі з пачатку 2021 года затрымалі 1 676 мігрантаў, паведамляе Памежная служба Літвы. Гэта ў 20 разоў болей, чым за ўвесь папярэдні год.

Паводле памежнай службы Літвы, з 1 676 затрыманых на літоўскай мяжы мігрантаў 805 былі грамадзянамі Іраку альбо назваліся такімі. Акрамя таго, затрымалі 195 грамадзян Конга, 121 — Камэруну, 77 — Гвінэі, 68 — Ірану.

Большая частка затрыманых імкнецца трапіць у краіны Заходняй Эўропы празь Літву. Літва значна ўзмацніла ахову на мяжы зь Беларусьсю ў сувязі з наплывам мігрантаў. Цяпер літоўскім памежнікам дапамагаюць ахоўваць мяжу сябры Зьвязу стралкоў Літвы, а таксама супрацоўнікі сыстэмы ўнутраных спраў. Паводле начальніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы генэрала Рустамаса Любаеваса, мяжа зь Беларусьсю знаходзіцца ў зоне адказнасьці 17 памежных застаў з 550 памежнікамі.

У мінулую пятніцу 9 ліпеня Літва пачала будаваць 550-кілямэтровую агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Эўразьвяз.

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс прапанаваў новыя санкцыі ў дачыненьні да ўладаў Беларусі «за распальваньне міграцыйнага крызісу».

Ён зьбіраецца абмеркаваць гэта з калегамі з Паўночных і Балтыйскіх краін.

«Выкарыстаньне міграцыі ў якасьці зброі супраць краін ЭЗ нават больш цынічнае, чым згон самалёта Ryanair. Я ўпэўнены, што нашы скандынаўскія і балтыйскія калегі пагодзяцца, што рэжымы, якія выкарыстоўваюць мігрантаў у якасьці зброі ў гібрыднай вайне, павінны атрымаць балючы і адзіны адказ з боку ЭЗ».

«Наша палітыка ў цэлым павінна ўтрымліваць аўтарытарныя рэжымы ад выкарыстаньня людзей у якасьці інструмэнту палітычнага шантажу ЭЗ», — сказаў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG