Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне не зламаюць, я моцная». Паштарку, якая абнародавала адрасы сілавікоў, адправілі ў арыштны дом


Палітзьняволеная Ларыса Танкашур
Палітзьняволеная Ларыса Танкашур

Наступныя тры месяцы Ларыса Танкашкур правядзе ў менскім СІЗА № 1, дзе ў асобных камэрах адбываюць пакараньне і тыя, каму прысудзілі зьняволеньне ў арыштным доме.

Ларысу Танкашкур зьмясьцілі на «Валадарку» 30 чэрвеня, але цягам тыдня не казалі, ці менавіта там яна застанецца. Днямі сваякі асуджанай атрымалі ад яе ліст, зь якога вынікае, што месца адбыцьця пакараньня не зьмянілася.

«Мяне яны не зламаюць, я моцная. Выйду і неўзабаве дачакаюся нармальных часоў», — сказала Ларыса сваёй сястры перад тым, як сесьці ў вязьніцу.

У студзені 56-гадовую менскую паштарку асудзілі на 3 месяцы арышту за тое, што перадала ў тэлеграм-чат «Лебяжий 97%» імёны і адрасы супрацоўнікаў міліцыі, якія былі падпісчыкамі ведамаснага выданьня МУС «На страже». Жанчыну прызналі вінаватай паводле часткі 1 артыкулу 179 Крымінальнага кодэксу (незаконны збор або распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцьці).

Пацярпелымі ў справе прызналі 35 чалавек, сярод якіх супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС, выкладчыкі Акадэміі МУС, намесьнік начальніка раённага ДАІ і былыя міліцыянты.

У першым варыянце абвінавачаньня гаварылася, што Ларыса Танкашкур дзейнічала з матываў «палітычнай і ідэалягічнай варожасьці, зьвязанай з электаральнай кампаніяй». Але ў судзе гэты матыў ня быў пацьверджаны, і пракурор ад яго адмовіўся.

Ларыса Танкашкур прызнала віну і ў апошнім слове прасіла прабачэньня ў пацярпелых. Ніхто зь міліцыянтаў не патрабаваў ад яе грашовай кампэнсацыі, некаторыя прасілі суд не караць жанчыну пазбаўленьнем волі.

7 ліпеня сваякі атрымалі ад Ларысы Танкашкур першы ліст з «Валадаркі». Паводле былой паштаркі, яе разьмясьцілі ў камэры на першым паверсе разам з жанчынамі, якіх прывезьлі адразу з суду, дзе прысудзілі арышт.

Ліст ад палітзьняволенай Ларысы Танкашур
Ліст ад палітзьняволенай Ларысы Танкашур

«Яна ўжо прайшла мэдычны агляд, мае магчымасьць рэгулярна наведваць душ і выходзіць на прагулкі. На дрэннае абыходжаньне ня скардзіцца, на ежу таксама. Напісала, што з гэтым усё добра. Нават лічыць умовы лепшымі, чым калі была на „сутках“ у ізалятары на Акрэсьціна, дзе не выдавалі матрацаў», — пераказала зьмест ліста яе сястра Галіна Лагацкая.

Ларыса Танкашкур спрабавала абскардзіць прысуд Першамайскага раённага суду, Менгарсуд пакінуў яго бяз зьменаў. Аднак жанчына будзе скардзіцца далей.

«Адвакат рыхтуе наглядную скаргу ў Вярхоўны суд. Сястра зьбіраецца прайсьці шлях абскарджаньня да канца, бо ня лічыць прысуд справядлівым», — расказала Галіна Лагацкая.

Беларускія праваабаронцы прызналі Ларысу Танкашкур палітычнай зьняволенай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG