Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Янкі Купалы


Янка Купала
Янка Купала

Падзеі 7 ліпеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

7 ліпеня 1882 году нарадзіўся Іван Луцэвіч (Янка Купала), клясык беларускай літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, выдатны дзеяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя.

Школьная праграма вывучэньня Янкі Купалы была ўкладзеная нейкімі адмыслоўцамі такім чынам, што ў мяне й сяброў узьнікла ўстойлівая нялюбасьць да ягонае творчасьці. Нас зусім не натхнялі радкі пра дурнога мужыка, зь якога «сьмяюцца, пагарджаюць». Чамусьці не выклікала прыліву патрыятызму й «агромністая грамада» зь бязьмежнаю крыўдай, худымі плячыма і нагамі ў лапцях. Мы завучвалі верш, але не маглі пагадзіцца з тым, што нашыя продкі былі век сьляпымі й глухімі.

Канчаткова не расчаравацца ў песьняру мне дапамагалі вясёлыя аповеды мамы, што вучылася да вайны ў Копыскай школе і шмат разоў сустракала Купалу на тамтэйшым рынку, дзе паэт, прыехаўшы з сваіх блізкіх Ляўкоў, зацята таргаваўся з старымі габрэйкамі і таленавіта заляцаўся да маладых.

Адкрыцьцё Купалы прыйшло значна пазьней.

Гэта быў Купала зусім іншы, з Маладой Беларусьсю, «сакалінай сям’ёй», якая чуйна ўслухоўваецца ў «вольны вецер вольных песень» і ўсёй душой верыць, што «не загіне край забраны». Тут адгукаліся размовы маладога Янкі з суседам Зыгмунтам Чаховічам, адным з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году, чальцом першага ўраду Літвы-Беларусі, які адбываў катаргу на Нерчынскіх капальнях, а вярнуўшыся, на схіле жыцьця, пачаў распрадаваць маёмасьць і вяртаць паўстанцкія даўгі. Чаховіч, прыхільнік жорсткай незалежніцкай палітыкі Кастуся Каліноўскага, даваў будучаму песьняру забароненыя кнігі з сваёй багатай бібліятэкі.

Гэта быў Купала — філёзаф і гісторык, чыю паэму «На Куцьцю» я вывучыў на памяць без усялякіх праграмаў. Гэта быў аўтар забароненай п’есы «Тутэйшыя». Гэта быў змагар, які ў 1926-м, праз год пасьля наданьня яму званьня народнага паэта, пісаў:

«Былых ня выклічаш вякоў, / І ты, Масквы кароннай гразь, / Парваных не скуеш акоў, / Зь якой брахнёю ні вылазь!»

Масква не даравала. Пасьля спробы самагубства ў 1930-м паэта духоўна зламалі, але нават такі ён заставаўся небясьпечным.

1 ліпеня 1942 году адбывалася пахаваньне Купалавай маці Бянігны. (Кажуць, яна праз усё жыцьцё шкадавала, што сын перайшоў у вершах з польскай мовы на беларускую.) Асьвяціўшы сьвежы грудок на менскіх Вайсковых могілках, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі прароча прамовіў: «Дзе сын твой, гаротная беларуская маці?» Ніхто ў акупаваным Менску яшчэ ня ведаў, што і сын ужо там, у нябеснай Беларусі: у той самы дзень у Маскве хавалі забітага Купалу.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 208–209.

Таксама ў гэты дзень

1846 — ЗША абвясьцілі аб анэксіі Каліфорніі, якая тады была часткай Мэксыкі.

1937 — напад японскіх войскаў на кітайскі гарнізон на мосьце Лугоўцяо (мосьце Марка Пола) недалёка ад Пэкіну. Інцыдэнт лічыцца пачаткам Другой сусьветнай вайны ў Азіі.

2000 — у Менску зьнік бязь вестак тэлеапэратар Дзьмітры Завадзкі.

Дзьмітры Завадзкі
Дзьмітры Завадзкі

2005 — 4 тэрарысты-самагубцы зрабілі сэрыю нападаў у лёнданскім мэтро і аўтобусах, у выніку якіх загінулі 52 чалавекі.

У гэты дзень нарадзіліся

1796 ― Ян Чачот, беларускі паэт.

1797 — Шаміль, імам, лідэр змаганьня народаў Каўказу з расейскім уладараньнем.

Імам Шаміль на кані, карціна Мікалая Сьвярчкова
Імам Шаміль на кані, карціна Мікалая Сьвярчкова

1860 ― Густаў Малер, аўстрыйскі дырыжор і кампазытар.

1869 — Лявон Вітан-Дубейкаўскі, беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч, паэт, архітэктар.

1884 — Ліён Фэйхтвангэр, нямецкі пісьменьнік.

1887 — Марк Шагал, беларускі, расейскі і францускі мастак.

Марк Шагал
Марк Шагал

1893 ― Міраслаў Крлэжа, адзін з найбуйнейшых харвацкіх пісьменьнікаў ХХ стагодзьдзя.

1922 — П’ер Кардэн, францускі мадэльер.

1940 — Рынга Стар, брытанскі музыка, бубнач гурту The Beatles.

1961 ― Вінцук Вячорка, беларускі навуковец і палітык, лідэр Партыі БНФ з 1999 па 2007 год.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка

У памяці

1572 ― Жыгімонт Аўгуст, кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

1633 ― Леў Сапега, дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага княства Літоўскага.

Леў Сапега
Леў Сапега

1892 ― Ян Чэрскі, беларускі геоляг і дасьледчык Сібіру, яго імем названая горная сыстэма на паўночным усходзе Сібіру (хрыбет Чэрскага).

1926 ― Антоні Ґаўдзі-і-Курнэт, каталёнскі архітэктар.

Sagrada Familia, архітэктурны комплекс у Барсэлёне, створаны Антоні Ґаўдзі
Sagrada Familia, архітэктурны комплекс у Барсэлёне, створаны Антоні Ґаўдзі

1930 ― Артур Конан Дойл, брытанскі пісьменьнік.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG