Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэа, як студэнтка адмовілася паціснуць руку дэкану БДУ Гігіну, набрала 115 000 праглядаў. Што пра яе вядома


Дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін
Дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін

У сэрвісе для стварэньня і прагляду кароткіх відэа TikTok стала папулярным відэа, на якім дзяўчына, раней асуджаная па арт. 23.34 старога КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»), атрымлівае дыплём у вышыванцы і пры гэтым ня цісьне руку дэкану.

Як высьветлілася, гэта Натальля Грыгарэнка, выпускніца факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ. Журналісты парталу Tut.by зьвязаліся зь ёй, каб даведацца, як адрэагаваў на гэта дэкан і ці не баіцца яна цяпер трапіць на «суткі», як выпускніца юрфаку БДУ, асуджаная на 15 дзён адміністрацыйнага арышту за згадваньне ў сваёй прамове юрыста Максіма Знака і звольненых з факультэту выкладчыкаў.

«Калі я даведалася аб затрыманьні Кацярыны Віньнікавай, пачуцьцё страху, што і мяне забяруць, было. Калі шчыра, мне здаецца, яно не пакідае мяне ў апошні год ніколі, — прызнаецца Натальля. — Я проста рабіла, што лічыла правільным, скажам так».

Правільным выпускніца ФФСН Натальля Грыгарэнка лічыць недапушчальнасьць гвалту з боку сілавікоў. Менавіта яна задала Натальлі Качанавай пытаньне пра гэта на яе сустрэчы са студэнтамі ўвосень.

У верасьні 2020 году яе затрымалі на адным з «жаночых маршаў» і прысудзілі штраф — 20 базавых велічынь. Тады яна прапусьціла адзін дзень заняткаў, бо была на судзе. Яшчэ ў лістападзе яна казала журналістам, што гатовая да адлічэньня, бо яе часта выклікалі ў дэканат, пасьля была дысцыплінарная рада. А пасьля выхаду артыкула пра яе была рада прафіляктыкі, па выніках якой дзяўчына атрымала вымову: паведамленьне пра гэта яна атрымала па пошце.

Многія выкладчыкі дапамагалі Наташы і падтрымлівалі яе. Дзяўчына прызнаецца, што за гэта іх любіць і шануе. Але былі і іншыя моманты, якія азмрочылі навучаньне.

«У мяне 23 студзеня памерла мама. Я прасіла ўнівэрсытэт зрабіць зьніжку ў сувязі з гэтай сытуацыяй, бо вучылася на платным, а мой тата памёр тры гады таму. Мне адмовілі, — кажа выпускніца. — Дапамог толькі фонд сацыяльнай абароны, але няшмат. На той момант мне заставалася зрабіць яшчэ два ўнёскі, а навучаньне ў ВНУ падаражэла. Ня ведаю, зьвязана гэта з палітыкай ці проста ў такіх сытуацыях дапамога не прадугледжана».

Апроч усяго, як кажа Натальля, у яе застаўся значны крэдыт за кватэру, і яна казала пра гэта.

Згодна з «Палажэньнем аб парадку прадастаўленьня зьніжак са сфармаванага кошту навучаньня студэнтам БДУ», зьніжка даецца студэнтам ва ўзросьце 18–23 гадоў, якія страцілі апошняга з бацькоў у пэрыяд навучаньня. Праўда, у дакумэнце таксама гаворыцца, што студэнт, каб атрымаць зьніжку, не павінен мець непагашаных дысцыплінарных спагнаньняў, а таксама павінен выконваць Статут БДУ і іншыя правілы ўнівэрсытэту. Па словах дзяўчыны, ёй проста сказалі, што дапамога ў яе сытуацыі не прадугледжана.

«Яшчэ на падыходзе да дэкана заявіла, што руку ціснуць ня буду»

У чым Наташа зьбіралася прыйсьці на выпускны, ведалі толькі яе сяброўкі. Але яна ўжо прыходзіла ў вышыванцы на абарону дыплёму. Нейкіх асаблівых інструкцый наконт адзеньня не было, папрасілі толькі апрануцца прыгожа.

«Калі я ішла насустрач дэкану [Вадзіму Гігіну], мне падалося, што ён зьмяніўся ў твары і раззлаваўся. Адна з маіх выкладчыц пазьней сказала мне, што гэта было здалёк прыкметна. Яшчэ на падыходзе да дэкана я заявіла, што руку ціснуць ня буду. Ён сказаў нешта накшталт „ну і ня трэба“. Хоць потым усё роўна спрабаваў неяк тузануць мяне за руку, калі аддаваў дыплём. Я вывернулася. Ну, ён быў ня рады», — кажа Натальля.

Відэа з гэтай сытуацыяй у Наташыным TikTok на момант публікацыі набрала ўжо больш за 115 тысяч праглядаў. Калі ўлічыць, што акаўнт яна завяла 2 дні таму і ў ім усяго некалькі відэа па 1–3 тысячы праглядаў, гэта шмат.

«Я завяла TikTok, каб расказваць пра тое, што я ведаю па псыхалёгіі. Хачу адкрыць сваю практыку, таму дзялілася сваімі поглядамі, думкамі. А ролік пра выпускны я выклала, таму што хацелася, як і шмат каму ў гэты пэрыяд, сказаць, што я нарэшце скончыла ўнівэрсытэт. Атрымалася, што акаўнт „стрэліў“ зь нечаканага боку, — кажа Натальля. — Я думала, што магу атрымаць некаторую папулярнасьць, але ня так хутка і актыўна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG