Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі праваабаронца заявіў, што яго катавалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа


Зьміцер Салаўёў
Зьміцер Салаўёў

Зьміцер Салаўёў шукае іншых пацярпелых ад тых самых супрацоўнікаў.

Наваполацкі праваабаронца Зьміцер Салаўёў рыхтуе заяву на прадстаўнікоў ГУБАЗіК, каб далучыць яе да крымінальнай справы, пачатай у адной з краінаў Эўразьвязу ў межах мэханізму ўнівэрсальнай юрысдыкцыі па фактах зьбіцьця і катаваньняў грамадзян Беларусі ў 2020–2021 гадах.

Салаўёў напісаў, што 16 лютага 2021 году прадстаўнікі ГУБАЗіК выламалі ўсе дзьверы ў доме, дзе ён знаходзіўся з жонкай і дачкой. Супрацоўнік, які кіраваў штурмам і вобшукам, пачаў зьбіваць Зьмітра, наносіў удары ў жывот і галаву. Пасьля да біцьця падключыліся іншыя асобы ў масках, білі па галаве і нагах. У адказ на патрабаваньне выдаць копію пратаколу вобшуку Салаўёў атрымаў удар па назе ад невядомага ў масцы, пасьля гэтай падсечкі паляцеў патыліцай аб падлогу.

Пасьля вобшуку ў доме Салаўёва павезьлі на мікрааўтобусе сіняга колеру. Адзін зь сілавікоў, які быў у масцы, ударыў яго ззаду кулаком у патыліцу. Наступствы — чэрапна-мазгавая траўма, пашкоджаньне шыйнага аддзелу хрыбетніка.

«У РАУС Менскага раёну высьветлілася, што старшы опэрупаўнаважаны падпалкоўнік Валадзько і старшы опэрупаўнаважаны падпалкоўнік Рудэнка склалі рапарт, згодна зь якім у мяне на доме разьмешчана выява „Пагоні“, што, на іх думку, зьяўляецца масавым мерапрыемствам, за што я і атрымаў 12 сутак па рашэньні судзьдзі Казловай», — напісаў Салаўёў.

Праваабаронца шукае іншых людзей, якія пацярпелі ад згаданых супрацоўнікаў ГУБАЗіКу, каб удакладніць інфармацыю пра іх.

1 сакавіка Зьмітра Салаўёва затрымалі ў аэрапорце «Менск 2», выцягнуўшы пасьля праходжаньня мытнага і памежнага кантролю, ужо з пасадкі. Зрабілі гэта чацьвёра невядомых у форме памежнікаў. Праваабаронцу даставілі ў Сьледчы камітэт і сказалі, што цяпер ён падазраваны па частцы 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу «Ўдзел у масавых беспарадках».

Зьміцер Салаўёў назваў гэта перасьледам за дапамогу рэпрэсаваным удзельнікам мірных сходаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG