Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Беларусі накіравала ў Расею запыт выдаць сьпявачку Агурбаш


Анжаліка Агурбаш

Генэральная пракуратура Беларусі сёлета ў траўні завяла крымінальныя справы на сьпявачку Анжаліку Агурбаш за «распальваньне варожасьці» і «абразу Лукашэнкі». Ёй пагражае да 12 гадоў калёніі.

Па інфармацыі генпракуратуры Беларусі, са жніўня мінулага году Анжаліка Агурбаш разьмяшчала ў інтэрнэце зьвесткі, «накіраваныя на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці» да сілавікоў, дзяржаўных службоўцаў, прадстаўнікоў улады, як самастойна, так і ў групе зь іншымі людзьмі.

Заслужаную артыстку Беларусі, якая жыве ў Расеі, абвясьцілі ў вышук. Анжаліку Агурбаш абвінавачваюць у распальваньні варожасьці і ў абразе Аляксандра Лукашэнкі, пра гэта раней яна сама паведаміла ў інстаграме.

Пакараньне паводле часткі 3 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі прадугледжвае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле пракуратуры, сьпявачка разам зь нявызначанымі асобамі, апублікавала ў інтэрнэце абразу Лукашэнкі разам з абвінавачаньнем яго ў асабліва цяжкіх злачынствах. Пакараньне паводле часткі 2 артыкулу 368 КК Беларусі прадугледжвае пакараньне да 3 гадоў калёніі.

Пракурор пастанавіў узяць абвінавачаную пад варту. У генэральную пракуратуру Расеі сёлета ў чэрвені накіравалі просьбу аб тым, каб Агурбаш выдалі Беларусі, каб прыцягнуць яе да крымінальнай адказнасьці. Справай займаецца Сьледчы камітэт Беларусі.

Хто такая Анжаліка Агурбаш

  • Анжаліка Агубаш нарадзілася ў Менску. У 1988 годзе выйграла першы ў Беларусі конкурс прыгажосьці «Менская прыгажуня». У пачатку кар’еры выступала як Ліка Ялінская.
  • Расейская і беларуская сьпявачка, актрыса, мадэль і тэлевядоўца. Заслужаная артыстка Беларусі (2006). Былая ўдзельніца ВІА «Верасы».
  • Удзельніца Эўравізіі ад Беларусі ў 2005 годзе. Каля 20 гадоў жыве і працуе ў Маскве.
  • Агурбаш падтрымала беларускія пратэсты, сама брала актыўны ўдзел у акцыях каля беларускай амбасады ў Маскве, рэзка выказвалася пра рэжым Лукашэнкі.
  • Нядаўна Анжаліка Агурбаш заклікала сфармаваць ініцыятыўную групу для правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў Беларусі.

Неўзабаве на Свабодзе інтэрвію са сьпявачкай і грамадзкай дзяячкай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG