Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальную справу Калесьнікавай і Знака перадалі ў Менскі абласны суд


Максім Знак, Марыя Калесьнікава, архіўнае фота
Максім Знак, Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

Крымінальную справу супраць сяброў Каардынацыйнай рады Максіма Знака і Марыі Калесьнікавай накіравалі для разгляду ў Менскі абласны суд. Пра гэта паведаміў адвакат Знака Дзьмітры Лаеўскі.

Дата разгляду справы пакуль невядомая.

«Абаронай ад самага пачатку пасьлядоўна аспрэчвалася абвінавачваньне з прычыны адсутнасьці складу якіх-небудзь злачынстваў. Мы пакажам у судзе, што абвінавачаньне ня мае пад сабой ніякіх прававых падстаў», — напісаў Дзьмітры Лаеўскі.

Максіма Знака і Марыю Калесьнікаву абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады);
  • ч. 1 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы);
  • ч. 3 арт. 361-1 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы, з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту).

Ім пагражае да 12 гадоў турмы.

У чым вінавацяць Калесьнікаву і Знака

Паводле пракуратуры, Максім Знак і Марыя Калесьнікава,

  • «згодна з плянам, у розных месцах, абвясьціўшы і пазыцыянуючы сябе прадстаўнікамі пераважнай большасьці грамадзян Беларусі, рыхтавалі і публічна агучвалі заявы пра перамогу на выбарах кандыдата Ціханоўскай С.Г.,
  • страту народам Беларусі даверу да органаў улады і кіраваньня, слабасьці дзейнай улады.
  • Заклікалі да страйкаў на дзяржаўных прадпрыемствах з выстаўленьнем выключна палітычных патрабаваньняў як легальнага спосабу выказваньня сваіх думак.
  • Неаднаразова прама і ў завуаляванай форме заклікалі да прызнаньня выбараў несапраўднымі, а дзейнага кіраўніка дзяржавы нелегітымным.
  • На прэс-канфэрэнцыі, праведзенай 18 жніўня 2020 году ў Менску, Калесьнікава, Знак і шэраг іншых асобаў заявілі аб стварэньні на ініцыятыву Ціханоўскай так званай „Каардынацыйнай рады“ як адзінага прадстаўнічага органа беларускага грамадзтва для арганізацыі перадачы ўлады».

Іх дзеяньні пракуратура ацаніла як намаганьні для «захопу дзяржаўнай улады і зьмены палітычнага кіраўніцтва неканстытуцыйным шляхам; распальваньне палітычнай, ідэалягічнай і сацыяльнай варожасьці ў грамадзтве».

Калесьнікава і Знак віны не прызнаюць. Раней адвакаты Марыі Калесьнікавай падчас знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы падалі скаргу ў Сьледчы камітэт на пастанову аб прыцягненьні яе ў якасьці абвінавачанай. Але скаргу адхілілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG