Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: «Ці маглі нашыя дзяды ўявіць, што праз 77 гадоў Беларусь зноў апынецца пад акупацыяй?»


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Сьвятлана Ціханоўская выступіла з зваротам з нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасьці (Дня Рэспублікі), які сьвяткуецца ў гонар вызваленьня Менску ў 1944 годзе ад фашыскай акупацыі.

«Ці маглі нашыя дзяды ў 44-м уявіць, што праз 77 гадоў Беларусь зноў апынецца пад акупацыяй — але ўжо не чужой дзяржавай, а сваёй?» — сказала Ціханоўская.

Яна адзначыла, што «нашыя продкі змагаліся за тое, каб мы маглі жыць у моцнай і квітнеючай краіне», але цяпер наўкол разруха, звальненьні, ціск на службоўцаў, няўвага да пандэміі, турмы для нязгодных.

«І акупанты, якія бʼюць беларусаў, перапісваюць гісторыю і скажаюць нацыянальныя сымбалі — і ў гэты ж час крывадушна ладзяць салюты ў гонар Дня Незалежнасьці».

«Які Дзень Незалежнасьці мы можам адзначаць, калі ўвесь гэты год адбываецца гандаль нашым сувэрэнітэтам?» — задала пытаньне Ціханоўская.

«Беларускі народ ня хоча вайны, ня хоча пагрозаў усім наўкола. Беларускі народ хоча свабоды, міру і законнасьці. Павагі, праўды і бясьпекі на сваіх вуліцах», — лічыць Ціханоўская.

Яна ўпэўненая, што «надыдзе дзень, калі беларусы па ўсёй краіне будуць сьвяткаваць вызваленьне ад цяперашняй акупацыі».

Аляксандар Лукашэнка 3 ліпеня выступаў на Кургане Славы ў Смалявіцкім раёне. Ён назваў заслугай свайго пакаленьня тое, што «­мы, атрымаўшы абрубак савецкай імпэрыі, стварылі сувэрэнную і незалежную дзяржаву».

Днём раней ён выступіў на ўрачыстым сходзе ў гонар Дня Незалежнасьці, дзе сказаў, што спэцслужбы ліквідавалі «сьпячыя» тэрарыстычныя ячэйкі і сарвалі спробу забойства журналіста СТВ Рыгора Азаронка. Таксама зь ягоных вуснаў прагучала пагроза вернікам за сьпяваньне гімну «Магутны Божа» і выкарыстаньне сьцягоў «фашысцкіх наймітаў — паліцаяў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG