Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Архіпэляг ГУЛАГ“ — вельмі важная для нас кніга». Былы выкладчык МДЛУ Юры Стулаў пра звальненьне і пляны на будучыню


Легенда «Ін'язу» Юры Стулаў.

Загадчык катэдры замежнай літаратуры таксама раіць, што трэба пачытаць беларусам, якія пачалі губляць надзею.

Юрыя Стулава называюць адной зь легендаў Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, у які ён прыйшоў працаваць у 1966 годзе. На пачатку 1990-х быў прарэктарам, у апошнія гады кіраваў катэдрай замежнай літаратуры.

У верасьні 2020-га Юры Віктаравіч публічна заступіўся за студэнтаў МДЛУ, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. Ягоны выступ перад новай рэктаркай трапіў на відэа і разышоўся па тэлеграм-каналах. Праз паўгода пасьля тых падзей Стулаву не працягнулі кантракт. Новую дамову выкладчыку ўдалося падпісаць толькі да канца чэрвеня, калі скончыўся навучальны год.

«Я яшчэ адчуваю ў сабе сілы працаваць»

«Прыйшоў ва ўнівэрсытэт пасьля хваробы, 3 сакавіка, і мой пропуск ужо ня дзейнічаў, — расказаў Юры Віктаравіч. — Ня змог прайсьці праз турнікет. Мяне прапусьцілі ў выніку, я пайшоў у кадравы аддзел. Там мне сказалі, што скончыўся кантракт, і ўсё. Мне прапанавалі тэрміновы падпісаць да канца навучальнага году, трэба было давесьці сваіх студэнтаў. З 3 сакавіка да 30 чэрвеня. Вось сёньня ён скончыўся таксама».

Папярэдні кантракт Юрыя Стулава з МДЛУ дзейнічаў пяць гадоў, яго тэрмін канчаўся ў 2022-м. Аднак па новых правілах кожны год працоўныя кантракты павінны перападпісвацца. Пасьля гісторыі з турнікетамі Стулава выклікалі да кіраўніцтва ўнівэрсытэту, там адбылася непрацяглая размова.

Словы ўдзячнасьці ад былых студэнтаў
Словы ўдзячнасьці ад былых студэнтаў

«Мне сказалі, што трэба даваць дарогу маладым, — кажа выкладчык. — Гэта ўсё адбывалася, калі я яшчэ хварэў. Не разумеў тады яшчэ да канца, што ўсё гэта значыць. Натуральна, некалі трэба было б сыходзіць. Я яшчэ адчуваю ў сабе сілы працаваць. Але як ёсьць, так ёсьць. У мяне няма ніякіх пачуцьцяў зараз. Разам са мной шмат калег пайшлі на пэнсію. Жыцьцё ёсьць жыцьцё. Мой дзень зараз проста выглядае. Трэба катоў накарміць, у хаце прыбраць, ежу прыгатаваць, пачытаць».

Катэдру замежнай літаратуры замест Юрыя Стулава зараз узначаліць яго былая асьпірантка Ірына Кудраўцава. Па словах самога Стулава, гэта таленавітая выкладчыца, якая разумее праблемы катэдры і зможа іх вырашыць. Выкладчык кажа, што задаволены выбарам пераемніцы. Па словах Юрыя Стулава, частка ягоных ужо былых калег ня вельмі зразумела афіцыйную прычыну звальненьня, яны хадзілі на размову да кіраўніцтва ўнівэрсытэту. Але ў выніку ўсё засталося, як там вырашылі.

«Роспачы не адчуваю, гэта не канец жыцьця»

«Ці зьвязанае маё звальненьне з тым верасьнёўскім выступам у абарону студэнтаў? Ну як я магу казаць, узрост ёсьць узрост, — кажа Юрый Віктаравіч. — Калі непатрэбны, то і непатрэбны. Я гэта прымаю спакойна. Пра той выступ не шкадую па-ранейшаму. Трэба шчырым з сабой быць. Каб не было сумневаў нейкіх. Што б там магло здарыцца, каб я прамаўчаў».

Юры Стулаў кажа, што атрымаў вялікую падтрымку пасьля навіны пра яго хуткае звальненьне з МДЛУ. Былі і званкі, і лісты ад студэнтаў, якія ў розныя гады ў яго навучаліся. Былі нават паведамленьні ад тых, каго Юры Віктаравіч вучыў у 1960-я.

«Чытаў усё гэта як нэкралёг нейкі, з аднаго боку. А я ж яшчэ жывы. А зь іншага боку, зразумеў, што нешта я ў сваіх студэнтах пакінуў. Ня кожнаму такі нэкралёг удаецца прачытаць пры жыцьці. Роспачы я не адчуваю зараз, гэта не канец жыцьця. Я працягваю навуковую працу. Хто ведае, што будзе далей».

Салідарнасьць выпускнікоў «Ін'язу».
Салідарнасьць выпускнікоў «Ін'язу».

Акрамя лістоў з падтрымкай, шмат званілі з розных краінаў і гарадоў — зь Лёндану, з Вашынгтону, вельмі шмат было паведамленьняў ад калег з Расеі. Нават зьбіраліся выступіць у абарону Стулава, пісаць лісты, аднак Юры Віктаравіч іх адгаварыў. Цяпер ужо былы выкладчык МДЛУ зьбіраецца займацца навуковай дзейнасьцю.

«Займаюся праблемай гістарычнага раману, непасрэдна амэрыканскай літаратурай. У апошнія гады адбываюцца значныя зьмены ў жанрах, у звароце да мінулага. Як найноўшыя тэхналёгіі на гэта ўсё ўплываюць. Вельмі цікава. Таму будзе чым займацца. Пішу артыкулы, удзельнічаю ў канфэрэнцыях. У гэтым навучальным годзе браў удзел у 13 міжнародных канфэрэнцыях. Усё онлайн! І гэта нават прасьцей, бо езьдзіць нікуды ня трэба. Гэта быў Пецярбург, Сыбір, Варшава і гэтак далей».

Таксама запрашалі на канфэрэнцыю ва Ўральскі фэдэральны ўнівэрсытэт у якасьці ганаровага госьця. Акрамя навуковай дзейнасьці, па словах выкладчыка, ён разьлічвае працягваць і лекцыі. Апошнія гады праз інтэрнэт выкладаў курс расейскай і беларускай культуры для студэнтаў з Кітаю. Ёсьць верагоднасьць, што займацца гэтым можна будзе і надалей.

«Перакананьні ў людзей засталіся тыя ж»

«Ва ўнівэрсытэце зараз усё стала цішэй, — кажа Юры Стулаў. — Людзі разумеюць, што небясьпечна. Многія навучаюцца платна. Страціць магчымасьць вучыцца для іх будзе цяжка. Але гэтыя настроі ж нікуды не падзеліся. Перакананьні засталіся тыя, што і былі. Як я ўжо недзе казаў, гісторыя ідзе цыклямі. Адзін пройдзе, пачнецца другі».

Юры Віктаравіч кажа, што звальненьне выкладчыкаў у ВНУ Беларусі можа мець нэгатыўны эфэкт найперш для самой сыстэмы адукацыі.

«Ня буду казаць, што я велічыня ў навуцы, усяго толькі дацэнт, — кажа Стулаў. — Але ў мяне вельмі вялікі досьвед, я шмат вучыўся. Прайшоў шмат стажыровак. І такіх ведаў, якія ёсьць у мяне, іх няма ў маладых выкладчыкаў. Я сваю ролю бачыў у тым, каб іх перадаваць. Нават ня столькі студэнтам, колькі самім маладым выкладчыкам. Але зараз як будзе, так будзе. Гады пройдуць, пакуль чалавек дасягне патрэбнага ўзроўню».

Юры Стулаў
Юры Стулаў

У лістападзе мінулага году Юры Віктаравіч казаў, што з аптымізмам глядзіць у будучыню і перакананы, што перамены ў лепшы бок абавязкова адбудуцца. Не зьмяніў сваёй думкі выкладчык і пасьля звальненьня з унівэрсытэту ў канцы чэрвеня 2021 году.

«Я заўсёды быў такім пэсымістычным аптымістам, — кажа Стулаў. — Усё патрабуе шмат часу. У мінулым годзе нейкі цыкль прайшоў, зараз таксама трэба час. Тэрміну дакладнага не назаву, не магу. Падавалася, што ўсё хутка можа быць, але бачым, што „хутка“ — гэта паняцьце адноснае».

«Немагчыма забараніць усё запар»

Юрыя Стулава дзівіць жорсткасьць і актыўнасьць, зь якой дзейнічаюць улады. Ён прызнаецца, што не разумее, чаму ўсё так адбываецца. Выкладчык сумняецца, што такая тактыка можа быць прадуктыўнай.

«З аднаго боку, людзі будуць паводзіць сябе цішэй, будуць баяцца, — кажа Юры Віктаравіч. — Але ж нэгатыўнае стаўленьне да ўлады тады будзе зьяўляцца ня толькі ў сэрцы таго чалавека, які сам трапіў пад ціск. Але і ў сэрцах яго родных, блізкіх, сяброў. Я ня ведаю, ці маюць сэнс такія паводзіны з боку ўлады. Нават калі нехта зараз ухваляе ўлады, то я не перакананы, што ён гэта робіць ад шчырага сэрца».

Ці працуе дзяржаўная ідэалёгія ва ўнівэрсытэтах, ці стануць студэнты больш любіць уладу, калі іх пачнуць гэтаму мэтанакіравана вучыць у ВНУ? Юры Стулаў мяркуе, што гэтага дасягнуць будзе складана. Нават нягледзячы на тое, што ў часы СССР студэнты часам пачуваліся вальней, чым цяпер.

Акцыя студэнтаў МДЛУ, верасень 2020
Акцыя студэнтаў МДЛУ, верасень 2020

«Я пачынаў працаваць выкладчыкам у 1960-я, — узгадвае Стулаў. — Тады ўжо адліга скончылася, пачыналіся рэпрэсіі. Але зь цяперашняй сытуацыяй іх цяжка параўноўваць. Мы тады аднойчы стварылі такі „Клюб 317“, бо група называлася 317. Рабілі вечарыны паэзіі, спэктаклі, шмат чаго. У нас выступала група „Лявоны“, якія пазьней сталі „Песьнярамі“. Вельмі цікава было. Але мяне аднойчы выклікаў дэкан, папракнуў, што „мы нацыяналістычныя рэчы ладзім“. Сказаў, што ўсё трэба ўзгадняць. Але гэта было магчыма. Зараз, я так разумею, ужо не».

Існавала магчымасьць займацца нечым, акрамя вучобы, і пазьней. Юры Віктаравіч расказвае пра стварэньне папулярнага ў Менску кінаклюбу, дзякуючы якому мноства людзей пабачылі фільмы Анджэя Вайды ды іншыя стужкі. Усё гэта, на думку выкладчыка, паўплывала і на пратэсты студэнтаў на пачатку 1990-х. На плошчу Леніна выходзілі ў тым ліку і яго вучні.

Юры Стулаў
Юры Стулаў

«Але і зараз немагчыма ўсё забараніць, — кажа Юры Віктаравіч. — Калі людзі маюць галаву, калі яны чытаюць кнігі, калі глядзяць фільмы, то не. Зараз ёсьць інтэрнэт. Трэба мець галаву і думаць над тым, што ты бачыш, што адбываецца навокал. Беларусам, якія губляюць надзею, я параю пачытаць Чэслава Мілаша. Ня толькі паэзію, але і публіцыстыку. Ня проста так Мілаш атрымаў Нобэлеўскую прэмію. Ён пабачыў усё з розных бакоў, зрабіў высновы. І Салжаніцын яшчэ. „Архіпэляг ГУЛАГ“ — гэта вельмі важная для нас кніга. Шмат чаго чытаць можна. Цяпер мноства магчымасьцяў. Людзям толькі трэба працаваць над сабой».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG