Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 2 ліпеня: антыфашыстаў пакаралі на тэрміны да 6 зь лішкам гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму


Разгон пратэстаў 10 жніўня
Разгон пратэстаў 10 жніўня

У Беларусі працягваецца крымінальны перасьлед грамадзян за выказваньне палітычнай пазыцыі і пратэсты супраць уладаў. Свабода сочыць на прысудамі і разглядам справаў у судах.

Прысуд актывістам руху антыфашыстаў

У судзе Маскоўскага раёна Менска 2 ліпеня вынесьлі прысуды антыфашыстам, якіх вінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК), групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і гвалце над супрацоўнікамі міліцыі (арт. 364 КК).

Вя паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка палічыла віну ўсіх фігурантаў справы даказанай і прызначыла пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі з яго адбыцьцём ва ўмовах узмоцненага рэжыму:

  • Віталю Шышлову і Дзянісу Болтуцю – тэрмінам на 6 гадоў кожнаму;
  • Цімуру Піпія – тэрмінам на 6 гадоў, 3 месяцы і два дні;
  • Тамазу Піпія – тэрмінам на 5 гадоў.

Менавіта такія тэрміны запрасіў для абвінавачаных пракурор Раман Бізюк.

Таксама суд пастанавіў спагнаць у салідарным парадку з Шышлова, Болтуця і Цімура Піпія кампэнсацыю прычыненай шкоды пацярпелым міліцыянтам: Зелянеўскаму – 1000 рублёў, Карабанаву – 500 рублёў.

Паўтара года калёніі за «паклёп на прэзыдэнта»

Жыхара Сьвіслацкага раёну асудзілі да пазбаўленьня волі за «паклёп на прэзыдэнта», праінфармавала пракуратура Горадзенскай вобласьці.

У прыватнасьці, пракуратура Сьвіслацкага раёну падтрымала ў судзе дзяржаўнае абвінавачваньне ў дачыненьні да 56-гадовага мясцовага жыхара, ягонае прозьвішча не называецца.

«У жніўні 2020 году падчас сустрэчы кіраўніцтва Сьвіслацкага райвыканкаму зь мясцовым насельніцтвам ён у сваім публічным выступе выказваў бяздоказныя, загадзя ілжывыя выдумкі, якія ганьбяць кіраўніка дзяржавы, злучаныя з абвінавачваньнем у асабліва цяжкім злачынстве», — адзначылі ў пракуратуры.

Суд Сьвіслацкага раёну асудзіў мужчыну да 1,5 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ён узяты пад варту ў залі суду.

Тры гады «хатняй хіміі» за леташнія пратэсты

Андрэя Драбатовіча і Вадзіма Якубоўскага 2 ліпеня судзьдзя Цэнтральнага раёну Менску Дзьмітры Карсюк пакараў трыма гадамі «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах (арт. 342 КК). Столькі ж прасіў і дзяржабвінаваўца Цімафей Нічыпарук, паведаміла «Вясна».

Летась 10 жніўня ўвечары хлопцы прыйшлі на Нямігу, каб паглядзець, што робіцца на вуліцах, і даведацца сапраўдныя вынікі выбараў. Калі АМАП пайшоў на людзей, многія спалохаліся і выйшлі на праезную частку, у тым ліку і сябры. Яны разам з усімі выкрыквалі «Міліцыя з народам!» і «Жыве Беларусь!» і «хвілін пяць» пастаялі ў счэпцы ў першым шэрагу. Менавіта з гэтай прычыны іх здолелі апазнаць і затрымаць.

Андрэя Драбатовіча затрымалі 14 красавіка, а Вадзіма Якубоўскага — 23 красавіка. Да суду іх трымалі ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG