Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вользе Класкоўскай адмовілі ў зьмякчэньні пакараньня


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пра гэта палітзьняволеная паведаміла з калёніі.

На пасяджэньні ўнутранай камісіі ў папраўчай калёніі № 4 разглядалася пытаньне пра замену пакараньня Вользе Класкоўскай на мякчэйшае ў сувязі зь дзейным заканадаўствам.

У сьнежні мінулага году Вользе прысудзілі два гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

«Але камісія адмовіла, таму што я лічуся „злоснай“ парушальніцай», — напісала ў лісьце Вольга.

За адмову шыць форму для сілавікоў Вольгу Класкоўскую пакаралі карцарам, у якім яна правяла месяц. Пры гэтым ёй забаранілі тэлефанаваньні родным, ліставаньне, больш за месяц да яе ня мог трапіць адвакат.

«Таму камісія ёй і адмовіла, тэрмін застаецца ранейшы — два гады калёніі агульнага рэжыму, — кажа маці Людміла Класкоўская. — Таксама Вольга пісала, што ў калёнію прыходзілі прадстаўнікі адміністрацыі і Генпракуратуры, якія праводзілі гутаркі, каб высьветліць настроі асуджаных наконт таго, ці будуць яны пісаць прашэньне аб памілаваньні, калі будзе такая магчымасьць. Вольга адказала, што ставіцца да гэтага адмоўна».

Пасьля карцару маці атрымала ад Вольгі паштоўку і ліст, таксама мела размову праз тэлефон. Цяпер яна плянуе перадаць дачцэ пасылку і рыхтуецца да магчымага доўгатэрміновага спатканьня.

Вольга Класкоўская
Вольга Класкоўская

«Вольга цяпер у атрадзе, працуе. Ёй нарэшце дазволілі перадаць першую ад сакавіка харчовую перадачу, якую я зьбіраюся завезьці сама, — кажа маці. — Хоць бы пасылку адправіць, каб ёй крышку лягчэй там было. Бо дзяўчына сядзіць бяз мыла і шампуню, гаспадарчым мылам мыла галаву. Гэта адзіны кавалак, які яна ў некага вытаргавала. Таксама ёсьць надзея, што ў жніўні адбудзецца першае доўгатэрміновае спатканьне, паеду я і дачка».

Людміла сказала, што цяпер на першым пляне для яе здароўе дачкі. Яна выслала Вользе чарговую мэдычную бандэроль зь лекамі. Вольга напісала ў лісьце, што лекаваньне будзе працяглае.

Таксама маці зьвярнулася да начальніка калёніі з заявай, каб у Вольгі была магчымасьць прайсьці мэдычнае абсьледаваньне для прызначэньня лекаваньня.

Начальнік калёніі паведаміў Людміле, што ў Вольгі заплянаваныя кансультацыі ў мэдыкаў гарадзкой паліклінікі — «яна будзе абсьледавана афтальмолягам, нэўролягам і лекарам УЗІ-дыягностыкі для наступнай карэкцыі лекаваньня».

«Спадзяюся, што гэта адбудзецца, і пра гэта я маю намер даведацца ад адваката, які мяркуе спаткацца з Вольгай бліжэйшым часам, — кажа маці. — Як даведаўся адвакат, калі загадзя наведаў калёнію, Вольга ўжо напісала заяву аб спатканьні».

Раней адвакат змог трапіць да Вольгі толькі пасьля яе выхаду з карцару.

Дагэтуль пяць разоў цягам паўтара месяца яму ў сустрэчы адмаўлялі. З гэтай прычыны Людміла зьвярталася да начальніка калёніі, а таксама, падчас прамой лініі, — да начальніка ўпраўленьня дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Гомельскай вобласьці. Яна прасіла, каб начальнік упраўленьня паспрыяў спатканьню дачкі з адвакатам у рамках закону. Пасьля гэтага на шосты раз адвакату дазволілі сустрэцца з Вольгай.

«Вельмі люблю вас усіх, сумую дужа. Прывітаньне і вялікі дзякуй усім тым, хто мяне падтрымлівае. Вельмі хачу ўсіх абняць, упэўненая, што гэта адбудзецца неўзабаве абавязкова», — піша Вольга ў лісьце.

Таксама яна напісала, што апошні ліст ад маці быў зьнішчаны апэратыўным аддзелам калёніі з фармулёўкай «зьмест цынічнага характару». За мінулы тыдзень Вользе не аддалі ніводнага ліста.

«Гэта нонсэнс, ведаю, што мне піша вельмі шмат людзей», — напісала Вольга Класкоўская ў лісьце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG