Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нідэрлянды абвінавацілі Расею ў імітацыі нападаў на фрэгат у Чорным моры


Фрэгат «Эвэртсан» праходзіць праз Басфорскую пратоку, архіўнае фота
Фрэгат «Эвэртсан» праходзіць праз Басфорскую пратоку, архіўнае фота

Расейскія вайскоўцы імітавалі атакі на галяндзкі карабель у Чорным моры. Інцыдэнт адбыўся непадалёк ад узьбярэжжа анэксаванага Расеяй Крыму 24 чэрвеня.

Расейскія зьнішчальнікі і бамбавікі, узброеныя ракетамі і бомбамі, на працягу пяці гадзін праляталі ў небясьпечнай блізкасьці ад фрэгата «Эвэртсан», пасьля гэтага ў яго выйшла са строю электроннае абсталяваньне, паведаміла ў аўторак Міністэрства абароны каралеўства.

Міністарка абароны Нідэрляндаў Анк Бэйлевэльд назвала паводзіны расейскіх вайскоўцаў «безадказнымі». Паводле яе словаў, інцыдэнт можна клясыфікаваць як «агрэсіўныя дзеяньні». Гаага мае намер абмеркаваць сытуацыю з Масквой на дыпляматычным узроўні. Імітацыя атакі адбылася ў нэўтральных водах, у карабля было поўнае права там знаходзіцца, заявіла міністарка.

У расейскім Міністэрстве абароны, у сваю чаргу, заявілі, што фрэгат зьмяніў курс і пачаў рух да Керчанскай пратокі. Яна, паводле міжнароднага права і падпісаных Расеяй пагадненьняў, зьяўляецца ўнутранымі водамі Расеі і Ўкраіны, аднак пасьля анэксіі Крыму дэ-факта кантралюецца Расеяй. Паводле ведамства, палёты праходзілі на бясьпечнай адлегласьці ад галяндзкага карабля.

Інцыдэнт з «Эвэртсанам» адбыўся на наступны дзень пасьля канфліктнай сытуацыі вакол брытанскага эсьмінца «Дэфэндэр» у Чорным моры. 23 чэрвеня карабель, які ішоў з Адэсы ў Батумі, быў абвінавачаны расейскімі памежнікамі ў заходзе ў воды, закрытыя на час вайскова-марскіх вучэньняў. Расейскія вайскоўцы паведамілі, што адкрылі папераджальны агонь па ходзе карабля і скінулі перад ім бомбы. Брытанскі бок паведаміў, што не заўважыў бамбаваньня, а стрэлы палічыў часткай вучэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG