Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ўсё роўна выйдзем». Зьняволеныя журналісткі Андрэева і Чульцова расказалі пра свой побыт у калёніі


Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова ў судзе 18 лютага
Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова ў судзе 18 лютага

Асуджаныя на 2 гады пазбаўленьня волі журналісткі тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова за кратамі ўжо 226 дзён. Нядаўна ад Дар’і прыйшоў ліст з Гомельскай калёніі, а Кацярына змагла патэлефанаваць родным у Менск.

«Каця цяпер піша мала, свабоднага часу амаль няма. Прасіла выбачацца перад усімі, хто ёй дасылае лісты ў калёнію — яна іх атрымлівае, чытае, але не заўсёды мае час нешта напісаць. Абяцае адказваць паступова», — расказаў Свабодзе муж Кацярыны Андрэевай, журналіст Ігар Ільяш.

Па яго словах, Кацярына захоўвае бадзёры настрой, не губляе аптымізму.

«На здароўе ня скардзіцца, адчувае сябе нармальна, хоць сьпякоту, канечне, цяжка перажывала. Пры гэтым кажа, што менавіта бытавыя ўмовы ў калёніі істотна лепшыя, чым у турме Жодзіна і на „Валадарцы“ ў Менску».

Ігар Ільяш таксама паведаміў, што яго жонцы ўжо двойчы дазвалялі патэлефанаваць родным.

«Адзін званок быў мне, другі — бацьку. Гэта былі кароткія размовы, 5–7 хвілін, — кажа Ігар. — Размова выйшла хаатычная: часу вельмі мала, і не пасьпяваеш адразу зразумець, што перш за ўсё трэба спытаць ці сказаць».

Ёсьць навіны і ад Дар’і Чульцовай. Яе маці Натальля Церабіленка апублікавала лісты ад дачкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. У адным зь іх Дар’я падкрэсьлівае: яна дагэтуль не шкадуе, што 15 лістапада, калі сілавікі разганялі дэманстрантаў на «плошчы Перамен» у Менску, яна вырашыла працягваць выконваць сваю працу.

«Гэта ж маё рашэньне было. Я магла і не працаваць, але я хацела. І як бы ні было, я рада, што працую там, дзе працую... З Кацяй наогул супэр каманда была. Усё супэр, ніхто (амаль) не вінаваты ў тым, што мы цяпер тут. Да таго ж, у выніку мы ўсё роўна выйдзем».

Дарʼя піша, што вельмі сумуе па родных і знаёмых.

«І я моцна абдымаю і вельмі сумую, — піша Дар’я. — Шчочкі сказалі, што сышлі. Дакладней, мне сказалі, што сышлі, хоць я думаю, што не да канца».

Журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева за кратамі з 15 лістапада 2020 году. Іх затрымалі ў кватэры на «плошчы Перамен» у Менску, адкуль яны вялі стрым для тэлеканалу «Белсат». У кватэры выламалі дзьверы, усярэдзіну забеглі спэцназаўцы.

Спачатку іх асудзілі на 7 сутак за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньне». Потым абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. 18 лютага ім прысудзілі па 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG