Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Гулак расказаў, што заўважыла камісія ў шклоўскай турме, дзе памёр палітвязень Вітольд Ашурак


Алег Гулак, сябра Рэспубліканскай грамадзкай назіральнай камісіі, які наведваў шклоўскую калёнію.
Алег Гулак, сябра Рэспубліканскай грамадзкай назіральнай камісіі, які наведваў шклоўскую калёнію.

Вязьні з «палітычнымі» нашыўкамі — заўсёды на вачах, а пра сьмерць Ашурка супрацоўнікі турмы не гавораць.

Рэспубліканская грамадзкая назіральная камісія правяла першую праверку за паўтара года — раней яе не пускалі ў месцы зьняволеньня, спасылаючыся на пандэмію каранавірусу. 24 чэрвеня Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС запрасіў камісію ў папраўчую калёнію № 17 у Шклове, дзе памёр палітвязень Вітольд Ашурак.

Пра дэталі праверкі камісіі Tut.by расказаў яе сябра праваабаронца Алег Гулак.

На запрашэньне прыехалі толькі трое сябраў камісіі — яе старшыня Тацяна Краўчанка, якая ўзначальвае Беларускую асацыяцыю шматдзетных бацькоў, прадстаўнік Міністэрства юстыцыі і старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак. Астатнія прыехаць не змаглі.

Алег Гулак адзначыў, што ў час іх візыту ў калёнію ў камэрах стаяла «страшная сьпёка», вязьні амаль ня скардзіліся на ўмовы ўтрыманьня, аднак ёсьць сумневы, ці гавораць яны шчыра, бо пры кожнай размове нязьменна прысутнічалі прадстаўнікі турмы.

Пры гэтым у Шклоўскай калёніі, як адзначыў праваабаронца, паступова паляпшаюць умовы ўтрыманьня: ідзе рамонт, закупляюць новую тэхніку і мэблю. Многім зьняволеным істотна дапамагаюць сваякі, якія дасылаюць харчовыя перадачы, цяпер зрабіць гэта лягчэй дзякуючы онлайн-сэрвісу калёніі.

Размаўляць пра гібель Вітольда Ашурка ў калёніі № 17 ніхто не хацеў. Праваабаронцу адказалі, што Сьледчы камітэт праводзіць праверку, таму ў калёніі ня будуць паведамляць ніякіх падрабязнасьцяў. Камісія заходзіла ў штрафны ізалятар, дзе быў Вітольд. На момант візыту ў ШЫЗА было два асуджаных, яны чакалі пераводу ў турму — за парушэньні ім зьмянілі рэжым адбыцьця пакараньня. Скаргаў у іх не было, аднак і тут, як і напісана ў правілах для камісіі, у час гутаркі побач стаялі супрацоўнікі калёніі.

Работнікі калёніі растлумачылі прымяненьне адмысловых каляровых нашывак для вязьняў. Яны назвалі гэта «формай кантролю» ў выпадках, калі чалавек схільны да экстрэмізму, нападу на супрацоўнікаў папраўчай установы. Аднак Гулак адзначае, што так і не знайшоў адказу, як гэта рэглямэнтуецца, як вырашаюць — вешаць на асуджанага нашыўку ці не.

«Зыходзячы з практыкі, вынікае, што сам факт асуджэньня паводле пэўных артыкулаў, дзе фігуруе палітычная актыўнасьць, зьяўляецца падставай так пазначаць людзей. Падчас нашага візыту кінулася ў вочы, што людзі з каляровымі нашыўкамі заўсёды пад увагай: калі ідзе атрад, яны ў першых шэрагах», — дадаў Алег Гулак.

Таксама праваабаронца адзначыў недахоп псыхолягаў у папраўчай установе. Паводле яго, камісія традыцыйна ў канцы зьмяшчае ў рэкамэндацыях неабходнасьць паляпшэньня працы псыхолягаў са зьняволенымі, якія маюць рыхтаваць людзей да наступнага этапу жыцьця пасьля выхаду на волю.

Палітвязень Вітольд Ашурак, як напісана ў дакумэнтах, памёр 21 траўня ў шклоўскай калёніі пры незразумелых абставінах. Родным назвалі прычынай сьмерці «спыненьне сэрца», а цела выдалі зь перабінтаванай галавой.

Ашурка затрымалі на некалькі дзён у дзень прэзыдэнцкіх выбараў, а потым — 19 верасьня 2020 году за падзеі 9 жніўня ў Лідзе. Яго вінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і ў тым, што нібыта ўдарыў міліцыянта Антона Кацілу каленам у жывот. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Ашурку далі 5 гадоў калёніі і прысудзілі кампэнсаваць шкоду міліцыянту ў памеры 1000 рублёў. Пасьля абвяшчэньня прысуду прысутныя выгукнулі «Ганьба!» і «Верым, можам, пераможам!», на іх завялі крымінальную справу за хуліганства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG