Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі вы пойдзеце і будзеце блытацца пад нагамі, вас задушаць». Чаму дапытваюць былых супрацоўнікаў АНТ


Менск, 15 жніўня 2020

Сьледчы камітэт Беларусі пачаў дапытваць былых супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлеканалу АНТ, якія страйкавалі і звольніліся падчас пратэстаў у жніўні 2020 году. Усяго вядома прыблізна пра 20 выклікаў у СК, некаторыя супрацоўнікі ўжо былі на допытах, зь іх узялі падпіску аб неразгалошваньні.

Сьледчы камітэт Беларусі пачаў дапытваць былых супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлеканалу АНТ, якія страйкавалі і звольніліся падчас пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году. Усяго вядома прыблізна пра 20 выклікаў у СК, некаторыя супрацоўнікі ўжо былі на допытах, зь іх узялі падпіску аб неразгалошваньні.

Былая спэцкор АНТ Натальля Максімава (Казей) распавяла тэлеканалу «Настоящее время», чым выклікана незадаволенасьць сілавікоў і як журналістам перад выбарамі пагражаў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

— Вам тэлефанаваў сьледчы як былой супрацоўніцы АНТ? Вас выклікалі на допыт?

— Ведаеце, так, нас выклікалі. І я гэта дакладна ведаю, бо мне ўжо ўсё перадалі, але я знаходжуся не ў Беларусі цяпер, а ў іншай краіне, таму я, вядома, туды не пайду. Аднак большасьць маіх калегаў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. І я ведаю, што ўжо празь некалькі хвілін пачнецца чарговы допыт, калі будуць выпытваць, выбіваць нейкую інфармацыю, якая дапаможа сьледчым сфабрыкаваць крымінальную справу, і маіх былых калегаў, якія таксама звольніліся пасьля 9 жніўня, са статусу сьведак перавесьці ў статус абвінавачаных. Для нас відавочна, што раз ёсьць крымінальная справа, значыць, нехта павінен сесьці.

Як гэта адбываецца? Цяпер калегам тэлефануе сьледчы і кажа: «Прыходзьце, выклікаем вас на допыт у якасьці сьведкі». «Па якім пытаньні?» — «Па крымінальнай справе». «Па якой крымінальнай справе?» — «Гэтага мы вам па тэлефоне сказаць ня можам».

Дык што ж гэта за такая сакрэтная крымінальная справа? Для нас гэта пацьверджаньне таго, што нічога супрацьпраўнага мы не рабілі і, вядома, гэта проста такая дурная помста з боку нашага былога кіраўніцтва, з боку былога кіраўніцтва краіны, але дзейнага. Таму што яшчэ летам, калі Лукашэнка зьбіраў журналістаў дзяржаўных СМІ ў Палацы Незалежнасьці, ён сказаў: «Запомніце, калі вы пойдзеце і будзеце блытацца пад нагамі, вас задушаць». І мы тады ведалі, што хутка гэта ўсё ня скончыцца.

Калі ў жніўні сыходзілі, мы ведалі, што ўлада будзе да апошняга трымацца, чапляцца пальцамі, рукамі за гэтую ўладу, што нам будуць помсьціць. Калі мы сыходзілі, [кіраўнік тэлеканалу Марат. — РС] Маркаў таксама многім асабіста казаў, што не забудзе гэтага.

Інтэрвію, але я б сказала — допыт Маркавым Рамана Пратасевіча, у яго праграме, гэта пацьвярджае. Калі вы памятаеце, Маркаў вельмі цікавіўся: «А хто з былых журналістаў зь дзяржаўных СМІ вам дапамагае?» Яму вельмі цікава, яму гэта вельмі сьвярбіць. Ён хоча ведаць, хто нешта робіць, каб адпомсьціць, каб нас пакараць, каб нас усіх пасадзіць.

— Вы кажаце пра Лукашэнку, які зьбіраў журналістаў. Гэта значыць, Лукашэнка фактычна пагражаў журналістам перад прэзыдэнцкімі выбарамі?

— Ён казаў: «Калі вы пойдзеце і будзеце блытацца пад нагамі, вас задушаць». Гэта было ў Палацы Незалежнасьці летам на яго сустрэчы з журналістамі дзяржаўных СМІ. Я таксама там была.

— Якая цяпер сытуацыя? Колькі былых супрацоўнікаў выклікалі на допыт?

— Мы маем кантакт, і я ведаю, што выклікалі ўсіх калегаў, якія ўдзельнічалі ў страйку. Страйк мы правялі 17 жніўня. У гэты дзень мы сабраліся, мы падпісаліся, паставілі свае прозьвішчы — каля 20 чалавек. Гэты лісьцік мы аддалі Маркаву. Страйк ён афіцыйна, вядома ж, не прызнаў, але лісьцік гэты захаваў, і ўсе нашы прозьвішчы імгненна апынуліся ў чорным сьпісе.

Нас фізычна не пускалі на канал, на Камуністычную, 6 мы не маглі трапіць. І я, напрыклад, свае рэчы забірала ўжо праз акно — гэта здымаў швэдзкі канал SVT, як мне адміністратар перадавала мае рэчы. У выніку мяне звольнілі паводле артыкула за прагулы. Хоць так, я проста не магла трапіць на канал.

Усе гэтыя людзі цяпер у чорным сьпісе. Я думаю, што гэты чорны сьпіс Маркаў захаваў і цяпер перадаў куды трэба.

— Вы кажаце, што ёсьць крымінальная справа, але да гэтага часу не вядома, што гэта за крымінальная справа. І тыя, хто ўжо быў на допытах, яны ня могуць паведаміць, што за крымінальная справа?

— Усе, каго выклікаюць, усе, хто ўдзельнічаў у страйку, упэўненыя, што гэтая крымінальная справа тычыцца страйку. Ім трэба знайсьці арганізатара. Пакуль што ўсе праходзяць у ролі сьведак. Але гэта ж сьмешна. Вы ж разумееце, што са статусу сьведкі лёгка трапіць у статус падазраванага і сесьці. Я ўпэўненая, што цяпер яны ў кожнага выпытваюць: «А што вас не задавальняла на працы?» Па тэлефоне казалі: «Мы пагаворым пра лета, пра вашу працу на тэлебачаньні. Што вас тады не задавальняла? Чаму так адбылося?»

Мы сабралі ўсё нітачкі разам, якія можна было сабраць, і прыйшлі да такой высновы, што ім проста трэба запалохаць, знайсьці арганізатара, яго пасадзіць, каб іншым было непанадна. Але гэта сьмешна, гэта вельмі дурная помста. Той, каго пасадзяць, стане героем, а той, хто зьедзе, у яго ўжо больш будуць разьвязаныя рукі, і за мяжой гаварыць ён зможа значна больш, чым у Беларусі.

Паводле нашых падлікаў, тады сышло сапраўды каля 80 чалавек — гэта фактычна кожны трэці адмовіўся працаваць. Нашы патрабаваньні падчас страйку былі вельмі простыя: асьвятліць у эфіры тое, што адбывалася на Акрэсьціна, тое, што адбывалася ў горадзе, у краіне пасьля выбараў. Некаторыя нашы калегі самі трапілі на Акрэсьціна, самі былі зьбітыя АМАПам, і мы бачылі нашых сяброў, таму мы не маглі маўчаць.

— Вы кажаце, што кожны трэці сышоў з АНТ. Што б вы сказалі тым былым супрацоўнікам, якія засталіся працаваць на АНТ? Магчыма, што-небудзь сказаць Маркаву?

— Маркаў, я вельмі спадзяюся, адкажа ў судзе за кожнае сваё злачынства, а злачынстваў ён зьдзейсьніў ужо нямала. Усе тыя, якія засталіся, я спадзявалася, што яшчэ ўвосень яны пойдуць за намі. Узімку я верыла ў гэта, але вера амаль зьнікла. Вясной я перастала зь імі мець зносіны. Я была ў Менску ў траўні, сустрэла калегу на праспэкце Незалежнасьці — я нават не павіталася. Я не магу вітацца з тымі, хто дапамагае зьдзяйсьняць злачынствы. Калегі, вы ўсе ўжо злачынцы. Калі ласка, прачніцеся, апамятайцеся, спыніцца ніколі ня позна, я вас заклікаю. Людзі прымуць, людзі вас не зьядуць, наадварот, усе толькі падтрымаюць. Я заклікаю вас: ідзіце, не садзейнічайце крываваму рэжыму.

Яшчэ я заклікаю сусьветную супольнасьць: калі ласка, дапамажыце, зьвярніце ўвагу на гэтую справу, таму што нас, былых журналістаў дзяржаўных СМІ, прэсуюць, рэпрэсіі закранулі нас значна мацней. [Усё пачыналася. — РС] з былых сілавікоў, былых судзьдзяў, а цяпер справа дайшла да былых журналістаў дзяржаўных СМІ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG