Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і штрафы 29 чэрвеня: пэнсіянэрку арыштавалі на 15 «сутак» за бел-чырвона-белыя сэрцайкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

29 чэрвеня ў Беларусі працягваюцца разгляды адміністрацыйных спраў у дачыненьні да грамадзян за мірнае выказваньне свайго меркаваньня.

15 «сутак» за за бел-чырвона-белыя сэрцайкі

23 чэрвеня а 7-ай раніцы міліцыянты прыйшлі дахаты да 59-гадовай пэнсіянэркі Натальлі Хоміч. Прычына — тры бел-чырвона-белыя сэрцайкі на вакне. Агляд у кватэры Натальлі доўжыўся каля трох гадзін, падчас яго канфіскавалі ўсю тэхніку і папяровыя сэрцайкі. У Маскоўскім РУУСе на пэнсіянэрку склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, палічыўшы сэрцайкі на вакне «несанкцыянаваным пікетаваньнем», паведамляюць назіральнікі праваабарончага цэнтру «Вясна».

Першы раз справу Натальлі Хоміч у Маскоўскім судзе адправілі на дапрацоўку (судзьдзя Лідзія Целіца). Пасьля паўторнага разгляду справы судзьдзя Сяргей Кацар пастанавіў арыштаваць пэнсіянэрку на 15 дзён арышту — нават нягледзячы на тое, што паказаньні міліцыянта на судзе адрозьніваліся ад тых, што ён напісаў у рапарце.

Менчука арыштавалі на 15 сутак за фота прапагандыста, якое ён адаслаў блогеру Матольку

У сярэдзіне траўня блогеру Антону Матольку чытач даслаў фатаздымак датычнага да каналу «Жёлтые сливы» Аляксандра Бянько, які стаіць на касе ў краме. Блогер апублікаваў гэтае фота ў сваім тэлеграм-канале. 24 чэрвеня на адным з прапагандысцкіх Тэлеграм-каналаў зьявілася інфармацыя, што аўтара гэтых здымкаў затрымалі. Пазьней у гэтым жа канале паведамілі, што «злачынцу» клічуць Андрэй Антонаў.

Сёньня стала вядома, што 28 чэрвеня Антонава судзілі за «дробнае хуліганства» (арт. 19.1 КаАП) у судзе Маскоўскага раёну Менску. У выніку, за дасланы блогеру фатаздымак прапагандыста Андрэя Антонава пакаралі 15-дзённым арыштам, паведамляе «Вясна назірае».

У Берасьці спынілі справу за бялізну «па схеме БЧБ»

28 чэрвеня ў Ленінскім судзе Берасьця судзьдзя Семянчук разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненьні да мясцовай жыхаркі за «парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Як піша @viasna_brest, сутнасьць «парушэньня» складалася ў наступным: у траўні жанчына разьвесіла сушыцца бялізну такім чынам, што побач апынуліся белая, чырвоная і белая бялізна, на што яна не зьвярнула ўвагі. Міліцыя склала на жанчыну пратакол і адправіла справу ў суд. Міліцыянты таксама праверылі ў яе тэлефон, але не знайшлі там нічога «пратэстнага»).

Судзьдзя пастанавіў спыніць адміністрацыйны працэс супраць жанчыны па арт. 24.23 КаАП.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG