Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Могуць узьнікнуць праблемы з валютнымі плацяжамі». Як адаб’юцца санкцыі на банках


Эўразьвяз увёў санкцыі супраць трох беларускіх банкаў. Глядзім, чым гэта пагражае банкаўскай сфэры.

У сьпіс сэктаральных санкцый ЭЗ, сярод іншага, трапілі тры беларускія банкі: «Беларусбанк», «Белінвэстбанк», «Белаграпрамбанк».

Што абмежавалі

Для гэтых банкаў абмяжоўваецца праца зь іх «дочкамі», забараняецца выдаваць ім крэдыты ці набываць іх каштоўныя паперы на тэрмін больш як 90 дзён.

Фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра офісу «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб
Фінансавы аналітык афіцыйнага партнэра офісу «Альпары» ў Менску Вадзім Іосуб

«Асноўнае абмежаваньне — гэта крэдытаваньне і набыцьцё аблігацый гэтых банкаў. Іншых абмежаваньняў — на забарону плацяжоў, на забарону карэспандэнцкіх адносінаў — няма. Тым больш няма гаворкі аб адключэньні ад SWIFT», — кажа Вадзім Іосуб.

Таксама Эўрапейскі інвэстыцыйны банк ня можа крэдытаваць дзяржаўныя праекты ў Беларусі. Тое самае тычыцца і краін-сябраў ЭЗ, якія мусяць прыняць абмежаваньні для ўдзелу Беларусі ў праграмах іх банкаў.

Як санкцыі могуць спрацаваць на практыцы

Ва ўсім сьвеце цяпер пры адпраўцы плацяжоў правяраецца іх законнасьць. Пры наяўнасьці санкцый замежныя банкі могуць перастрахавацца.

«Напрыклад, банкі могуць не прапускаць плацяжы ў нейкіх выпадках, якія і не прадугледжаныя санкцыямі. Могуць узьнікнуць праблемы пры правядзеньні валютных плацяжоў у кліентаў гэтых банкаў. Гэта не прадугледжана санкцыямі, але гэта можа адбыцца празь перастрахоўку банкаў-карэспандэнтаў. Яны могуць проста не разабрацца, сустрэць назву банка ў сьпісе і спыніць плацёж, запатрабаваць дадатковыя дакумэнты», — прыводзіць прыклад Вадзім Іосуб.

Такі разбор можа цягнуцца да паўгода.

Замежныя банкі могуць убачыць рызыкі

Некаторыя замежныя банкі могуць убачыць рызыкі ў пазначэньні плацяжу «Беларусь» і могуць пачаць патрабаваць дадатковыя дакумэнты, нават калі банк-атрымальнік не адносіцца да ліку тых трох, што трапілі пад абмежаваньні.

«Гэта можа сапсаваць жыцьцё пры любых апэрацыях дзяржаўных банкаў і можа нават закрануць іншыя беларускія банкі», — кажа Вадзім Іосуб.

Пры гэтым ён адзначае, што са жніўня мінулага году ЭЗ і так ня надта крэдытаваў беларускія банкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG