Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абарона Аляксея Кудзіна ў эўрапейскім судзе аспрэчыць рашэньне аб экстрадыцыі яго з Расеі ў Беларусь


Аляксей Кудзін (у бэйсболцы) на пратэстах у Маладэчне 10 жніўня 2020

Увесь час разгляду скаргі адвакатаў Кудзіна байца ня змогуць выдаць на радзіму, дзе супраць яго вядзецца крымінальны перасьлед.

Абарона Аляксея Кудзіна мае намер зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд у правах чалавека з просьбай забараніць высылку спартоўца ў Беларусь. Пра гэта Tribuna.com сказала яго адвакат Марыя Красава.

Паводле яе, Эўрапейскі суд у правах чалавека папросяць прымяніць да Кудзіна 39-е правіла аб забароне высылкі. На ўвесь тэрмін, пакуль справа будзе разглядацца ў францускім Страсбургу, Аляксея ня змогуць экстрадаваць з Расеі.

Пракуратура Расеі і суд пакуль не дазволілі байцу спатканьне з жонкай. У расейскім СІЗА ён ладзіў групавыя трэнінгі сярод сукамэрнікаў. Па словах адвакаткі, ён трымаецца бадзёра і верыць у лепшы зыход сваёй справы.

Шматразовы чэмпіён сьвету ў кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксей Кудзін ужо паўгода сядзіць у расейскім СІЗА і праз суд спрабуе абскардзіць рашэньне расейскіх уладаў аб экстрадыцыі яго ў Беларусь. На радзіме крымінальная справа на спартоўца заведзена за акцыю пратэсту ў Маладэчне 10 жніўня 2020 году паводле артыкулу 363 КК (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадзкі парадак). Максымальнае пакараньне па артыкуле — да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Тым часам тэлеграм-канал «Сборная ЗОЖ» цытуе ліст ад Аляксея Кудзіна, які атрымала Карына Пацёмкіна.

«Дзякуй за ліст і цёплыя словы падтрымкі. Паверце, сілы волі і духу мне не займаць. Сыстэма АГЛ (Лукашэнкі — РС) думае, што пасадзіла мяне ў турму, але гэтым яны загартавалі яшчэ мацней. Нават знаходзячыся тут, я працягваю ўзмоцнена трэніравацца і разьвіваць свае цела і розум. Вы маеце рацыю: мы жывём у дзіўны час, калі ідзе сапраўднае нараджэньне беларускай нацыі. Народ, які ня ведае сваёй гісторыі, ня мае права на сьветлую будучыню. Яднаньне — гэта як сьціснуты кулак. Калі яго раскрыць, можна зламаць пальцы ўсе па адным, сіла зьнікне. Але калі кулак сьціснуты, зламаць яго немагчыма. Так і з намі, беларусамі. Зараз мы — кулак, які можа прабіць любую сьцяну. І ў гэтым наша сіла.

Духам не ўпадзеш, сілай узяць не змогуць!»

У канцы ліста Аляксей Кудзін выказвае перакананасьць, што пасьля выпрабаваньняў настане сьветлая паласа ў гісторыі беларускага народу.

Напісаць ліст спартоўцу можна з дапамогай сэрвісу ФСВП: 143527, Москва, Зеленоград, ул. Панфилова, 27, ФКУ СИЗО 12.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG