Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Янкі Купалы, 50 гадоў Ілану Маску


Янка Купала
Янка Купала

Падзеі 28 чэрвеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

28 чэрвеня 1942 году ў Маскве памёр Янка Купала, клясык беларускай літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, выдатны дзеяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя.

Школьная праграма вывучэньня Янкі Купалы была ўкладзеная нейкімі адмыслоўцамі такім чынам, што ў мяне й сяброў узьнікла ўстойлівая нялюбасьць да ягонае творчасьці. Нас зусім не натхнялі радкі пра дурнога мужыка, зь якога «сьмяюцца, пагарджаюць». Чамусьці не выклікала прыліву патрыятызму й «агромністая грамада» зь бязьмежнаю крыўдай, худымі плячыма і нагамі ў лапцях. Мы завучвалі верш, але не маглі пагадзіцца з тым, што нашыя продкі былі век сьляпымі й глухімі.

Канчаткова не расчаравацца ў песьняру мне дапамагалі вясёлыя аповеды мамы, што вучылася да вайны ў Копыскай школе і шмат разоў сустракала Купалу на тамтэйшым рынку, дзе паэт, прыехаўшы з сваіх блізкіх Ляўкоў, зацята таргаваўся з старымі габрэйкамі і таленавiта заляцаўся да маладых.

Адкрыцьцё Купалы прыйшло значна пазьней.

Гэта быў Купала зусім іншы, з Маладой Беларусьсю, «сакалінай сям’ёй», якая чуйна ўслухоўваецца ў «вольны вецер вольных песень» і ўсёй душой верыць, што «не загіне край забраны». Тут адгукаліся размовы маладога Янкі з суседам Зыгмунтам Чаховічам, адным з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году, чальцом першага ўраду Літвы-Беларусі, які адбываў катаргу на Нерчынскіх капальнях, а вярнуўшыся, на схіле жыцьця, пачаў распрадаваць маёмасьць і вяртаць паўстанцкія даўгі. Чаховіч, прыхільнік жорсткай незалежніцкай палітыкі Кастуся Каліноўскага, даваў будучаму песьняру забароненыя кнігі з сваёй багатай бібліятэкі.

Гэта быў Купала — філёзаф і гісторык, чыю паэму «На Куцьцю» я вывучыў на памяць без усялякіх праграмаў. Гэта быў аўтар забароненай п’есы «Тутэйшыя». Гэта быў змагар, які ў 1926-м, праз год пасьля наданьня яму званьня народнага паэта, пісаў:

«Былых ня выклічаш вякоў, / І ты, Масквы кароннай гразь, / Парваных не скуеш акоў, / Зь якой брахнёю ні вылазь!»

Масква не даравала. Пасьля спробы самагубства ў 1930-м паэта духоўна зламалі, але нават такі ён заставаўся небясьпечным.

1 ліпеня 1942 году адбывалася пахаваньне Купалавай маці Бянігны. (Кажуць, яна праз усё жыцьцё шкадавала, што сын перайшоў у вершах з польскай мовы на беларускую.) Асьвяціўшы сьвежы грудок на менскіх Вайсковых могілках, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі прароча прамовіў: «Дзе сын твой, гаротная беларуская маці?» Ніхто ў акупаваным Менску яшчэ ня ведаў, што і сын ужо там, у нябеснай Беларусі: у той самы дзень у Маскве хавалі забітага Купалу.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.208-209.

Таксама ў гэты дзень

1389 — бітва на Косавым полі паміж сэрбскімі і турэцкімі войскамі.

1569 — учыненая Люблінская ўнія: Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае злучыліся ў фэдэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую.

Люблінская унія, карціна Яна Матэйкі
Люблінская унія, карціна Яна Матэйкі

1812 — войскі Напалеона занялі Вільню.

1914 — забойства Гаўрылам Прынцыпам спадкаемца аўстра-вугорскага пасаду, эрц-герцага Франца Фэрдынанда і яго жонкі ў Сараеве, якое стала нагодаю для пачатку Першай сусьветнай вайны.

1919 — падпісаньне Вэрсальскай мірнай дамовы, якая завяршыла Першую сусьветную вайну.

1941 — заняцьце нямецкімі войскамі Менску.

1944 — вызваленьне Віцебску ад нацысцкай акупацыі.

1950 — войскі Паўночнай Карэі занялі сталіцу Рэспублікі Карэя Сэўл.

1992 — Беларусь устанавіла дыпляматычныя дачыненьні зь Расеяй.

1996 — Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла Канстытуцыю краіны, гэта дзень — дзяржаўнае сьвята Ўкраіны.

2001 — былы прэзыдэнт Югаславіі Слобадан Мілошавіч аддадзены Гааскаму трыбуналу па абвінавачаньні ў ваенных злачынствах.

Слабадан Мілошавіч у міжнародным судзе па ваенных злачынствах у былой Югаславіі, Гаага, 2004
Слабадан Мілошавіч у міжнародным судзе па ваенных злачынствах у былой Югаславіі, Гаага, 2004

У гэты дзень нарадзіліся

1577 — Пітэр Паўль Рубэнс, флямандзкі жывапісец.

1641 — Марыя Казімера д’Аркʼен, каралева польская і вялікая княгіня літоўская, жонка Яна Сабескага.

1712 — Жан-Жак Русо, францускі філёзаф.

1891 — Павал Валошын, дзеяч заходнебеларускага нацыянальнага руху, публіцыст.

1971 — Ілан Маск, канадска-амэрыканскі інжынэр і прадпрымальнік, заснавальнік кампаніяў PayPal, SpaceX, адзін з заснавальнікаў і інвэстараў кампаніі Tesla Motors.

Ілан Маск
Ілан Маск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG