Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Беларускай фэдэрацыі баскетболу заявіў, што людзі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі заўзелі супраць зборнай


Максім Рыжанкоў
Максім Рыжанкоў

Максім Рыжанкоў таксама грубымі словамі абазваў бел-чырвона-белы сьцяг. Па яго словах, беларусы пад гістарычным сымбалем заўзелі ня за, а супраць нацыянальнай каманды. Вядучая баскетбалістка зборнай мае супрацьлеглую думку, яна падзякавала беларусам за падтрымку.

Старшыня Беларускай фэдэрацыі баскетболу Максім Рыжанкоў лічыць, што зборная Беларусі выступіла б у паўфінале чэмпіянату Эўропы лепей, калі б на трыбунах не было бел-чырвона-белых сьцягоў. Напярэдадні жаночая зборная Беларусі саступіла камандзе Францыі 61:73.

Рыжанкоў у дваровым чаце ў тэлеграме напісаў, што ня лічыць, што заўзятары пад бел-чырвона-белымі сьцягамі сапраўды падтрымлівалі каманду. Таксама чыноўнік згадаў Алену Леўчанку і Кацярыну Сныціну, якія выказаліся супраць Лукашэнкі і адмовіліся выступаць за зборную.

Паведамленьне Максіма Рыжанкова
Паведамленьне Максіма Рыжанкова

«Дапамаглі так, што прагулялі. Лепш бы спалі па хатах. Я крайніх не шукаю. Згулялі годна. Не было б ануч, пад якімі заўсёды бяда. Было б лепш. Вы рэальна думаеце, што гэтыя анучы камандзе ў плюс? Вы ж і самі ўсё разумееце. Гэта не падтрымка, а правакацыя. Як так заўзець за, каб было супраць. Прыхільнікі Сныцінай і Леўчанкі наўрад ці выступаюць за тое, што каманда бязь іх значна больш пасьпяховая».

Большасьць людзей у камэнтарах да допісаў Рыжанкова раскрытыкавалі чыноўніка за гэтыя словы. Гэта ня першая заява кіраўніка баскетбольнай фэдэрацыі супраць беларускіх заўзятараў. Раней цягам Эўрабаскету ён заявіў, што беларусы нібыта прыйшлі на трыбуны ў Валенсіі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі за грошы і «пракліналі сваю радзіму». Ніякіх доказаў сваім словам Рыжанкоў не прадставіў.

Пры гэтым каманда думае пра падтрымку заўзятараў зусім іначай. Вядучая баскетбалістка зборнай Тацяна Ліхтаровіч на прэс-канфэрэнцыі пасьля паўфіналу зьвярнулася да заўзятараў.

«Дзякуй усім, хто за нас заўзее, працягвайце. Як я і казала дагэтуль: „Верым! Можам! Пераможам!“».

Увосень 2020 году Ліхтаровіч падпісала ліст за сумленныя выбары і сыход Лукашэнкі. У адрозьненьні ад Сныцінай і Леўчанкі яна ў зборнай засталася. У зборнай ёсьць яшчэ дзьве баскетбалісткі, якія падпісалі ліст, гэта Аляксандра Тарасава і Ганна Брыч.

Максім Рыжанкоў уключаны ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу. Ён быў адным з топ-чыноўнікаў, якія ўвосень 2020 году езьдзілі па рэгіёнах, каб залагодзіць сытуацыю на месцах. На адной з такіх сустрэчаў у Смаргонях ён паабяцаў прысутным, што міліцыянты «больш ня будуць шкадаваць» пратэстоўцаў. У санкцыйныя сьпісы Літвы, Латвіі і Эстоніі Рыжанкоў трапіў яшчэ ў канцы жніўня. Гэтыя краіны забаранілі яму ўезд на сваю тэрыторыю, назваўшы датычным да фальсыфікацыі выбараў і ўтойваньня іх сапраўдных вынікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG