Лінкі ўнівэрсальнага доступу

COVID-19: штам каранавірусу «Дэльта» становіць найбольшую небясьпеку ў ЗША, у Беларусі на яго захварэлі 10 чалавек


Паводле стану на 23 чэрвеня 2021 году, колькасьць інфікаваных COVID-19 у сьвеце дасягнула 180,079 мільёна чалавек. Ахвярамі сталі 3,900 млн чалавек, паправіліся 164,822 млн.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на 23 чэрвеня захварэлі 411 551 чалавек, памерлі — 3063, паправіліся і выпісаліся — 405 468, цяпер хварэюць — 4236.

На 22 чэрвеня ў Беларусі першую дозу прышчэпак атрымалі 776,4 тысячы чалавек (8,2% насельніцтва), а прышчэпленыя дзьвюма дозамі 484,3 тысячы (5,1%), паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Мінздароўя.

На думку незалежных экспэртаў, афіцыйная статыстыка ў Беларусі, асабліва што да колькасьці сьмяротных выпадкаў, істотна заніжаная ў параўнаньні з рэальнай сытуацыяй.

Адным сказам

  • «Індыйскі» штам каранавірусу выявілі ў 10 пацыентаў, якія захварэлі на COVID-19 у чэрвені, паведаміла Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
  • Паводле дадзеных САЗ, варыянт каранавірусу «дэльта» знойдзены ў 80 краінах і працягвае імкліва распаўсюджвацца па ўсім сьвеце.
  • Штам каранавірусу «дэльта» становіць цяпер найбольшую небясьпеку ў Злучаных Штатах, заявіў галоўны дарадца Белага дому ў пытаньнях мэдыцыны Энтані Фаўчы.
  • Інспэкцыя Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя знайшла парушэньні ў аднаго з вытворцаў расійскай вакцыны ад каранавіруснай інфэкцыі «Sputnik V».
  • Дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што прэпараты BionTech / Pfizer і AstraZeneca абараняюць ад цяжкога працяканьня хваробы пры заражэньні варыянтам «дэльта», хоць эфэкт у гэтым выпадку ніжэйшы.

Якія сымптомы заражэньня «дэльтай» і як ад яе засьцерагчыся

Паводле першых вынікаў зь Вялікай Брытаніі, сымптомы заражэньня «дэльтай» адрозьніваюцца ад выкліканых іншымі варыянтамі каранавірусу. Брытанцы, якія заразіліся «дэльтай», скардзіліся на галаўныя болі, пяршэньне ў горле, насмарк, тэмпэратуру і часам кашаль.

«У маладых людзей гэта можа быць падобным да моцнай прастуды», — тлумачыць эпідэміёляг і аўтар дасьледаваньня ZOE Covid Symptom Study Тым Спэктар. У выніку ёсьць рызыка, што хворыя ня нададуць сымптомам надта вялікага значэньня і працягнуць заражаць іншых. Таму пры пералічаных сымптомах варта зрабіць тэст на каранавірус і заставацца дома, раіць Спэктар.

Агульнавядомыя правілы — у тым ліку захаваньне дыстанцыі ў паўтара мэтра, выкарыстаньне масак, мыцьцё рук і рэгулярнае праветрываньне памяшканьняў — абараняюць ад усіх вядомых да цяперашняга моманту мутацыяў каранавірусу, у тым ліку і ад «дэльты», адказалі DW у Інстытуце Робэрта Коха. Надзейную абарону дае вакцынацыя прэпаратамі Biontech / Pfizer і AstraZeneca, хоць у выпадку з «дэльтай» іх эфэктыўнасьць крыху зьніжаецца ў параўнаньні зь іншымі варыянтамі.

Акрамя таго, варта пазьбягаць падарожжаў у зоны, дзе распаўсюджваюцца новыя варыянты каранавірусу. Менавіта падарожжы спрыялі распаўсюду вірусу і яго разнавіднасьцяў на самым пачатку пандэміі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG