Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Кузьмы Чорнага


Кузьма Чорны. 1925 г.
Кузьма Чорны. 1925 г.

Падзеі 24 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

24 чэрвеня 1900 году нарадзіўся клясык беларускай літаратуры Кузьма Чорны. Ён аўтар раманаў:

  • «Пошукі будучыні»;
  • «Млечны шлях»;
  • «Трэцяе пакаленьне».

Літаратуразнаўцы называюць Чорнага стваральнікам беларускага сацыяльна-псыхалягічнага раману.

Таксама ў гэты дзень

1812 — войскі Напалеона Банапарта перайшлі Нёман каля Коўна, пачалася расейска-француская вайна 1812 году.

Наш Напалеон і кампанія
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:18:21 0:00
Наўпроставы лінк

1934 — сталіца Ўкраіны перанесеная з Харкава ў Кіеў.

1941 — войскі нацысцкай Нямеччыны занялі Горадню.

1945 — парад Перамогі ў Маскве. Парад прымаў маршал Георгі Жукаў. Камандаваў парадам маршал Канстанцін Ракасоўскі.

1948 — СССР перакрыў дарогі з Бэрліну на захад і ўвёў блякаду Заходняга Бэрліну (працягвалася 324 дні).

1989 — у Вільні пачаўся Ўстаноўчы зьезд Беларускага народнага фронту «Адраджэньне».

У гэты дзень нарадзіліся

1767 Стафан Грабоўскі, вайсковы дзеяч, адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстаньня 1794 г.

Пасьля прэзэнтацыі маёй дзіцячай кніжкі гістарычных апавяданьняў «Адкуль наш род» падышла па аўтограф маладая жанчына з сынам. Хлопчыка звалі Стафан. Натхніўшыся гэтым ня вельмі частым імем, я пажадаў малому ніколі не забываць, адкуль ягоны беларускі род, іначай дзядзька Арлоў надае па срацы.

Прачытаўшы пагрозьлівы надпіс, мама засьмяялася, а потым сур’ёзна сказала: «А ён свой род не забудзе». «Таму што я Стафан Грабоўскі», — картавячы, але трэба было бачыць, зь якім гонарам, адказаў малы, а яго маці папрасіла ў будучых выданьнях кніжкі абавязкова зьмясьціць апавяданьне і пра іх знакамітага продка.

Дадзенае на прэзэнтацыі абяцаньне спраўджанае.

У аповедзе я пішу, як Стафан Грабоўскі, які жыў за два стагодзьдзі да свайго сучаснага юнага аднайменьніка, выхоўваўся ў Варшаўскай рыцарскай школе, а потым служыў у арміі Вялікага Княства Літоўскага, усходняя частка якога ўжо была ў 1772 годзе, пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай, адарваная й далучаная да азіяцкай царскай імпэрыі.

Стафан належаў да славутага ліцьвінскага пратэстанцкага роду. У XVIII стагодзьдзі адзіную магчымасьць кар’еры для абмежаваных у правах пратэстантаў адкрывала вайсковая служба, і ён упэўнена падымаўся па яе прыступках.

Калі ў 1793-м Расея пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай захапіла і цэнтральныя беларускія землі, падпалкоўнік Грабоўскі далучыўся да падрыхтоўкі патрыятычнага паўстаньня.

Пры вызваленьні нашай колішняй сталіцы ад расейцаў у красавіку 1794-га галоўную ролю адыграў якраз ягоны аддзел.

У паўстанцкім войску Вялікага Княства, якім камандаваў паплечнік Касьцюшкі Якуб Ясінскі, падначаленыя Грабоўскага былі адной з найбольш баявых частак.

Менавіта Стафан на чале дзьвюхтысячнага корпусу зьдзейсьніў пасьпяховы рэйд на Меншчыну й Магілеўшчыну па маршруце Араны — Койданава — Пухавічы — Бабруйск — Любань.

Я напісаў і пра тое, як у 1812-м Грабоўскі разам з тысячамі нашых суайчыньнікаў вітаў Вялікую армію Напалеона, спадзеючыся аднавіць зь яго дапамогаю страчаную дзяржаву.

У званьні генэрал-маёра Стафан Грабоўскі кіраваў Вайсковым камітэтам у Вільні.

Аднак францускі імпэратар, пад сьцягамі якога ваявалі ня менш за 25 тысяч ліцьвінаў-беларусаў, вёў сваю гульню...

Пакуль кніжка «Адкуль наш род» дапісвалася, у некалькі разоў вырастала і ператваралася ў кнігу «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі», вырас і сам Стафан. Буду чакаць яго з сынам на новых прэзэнтацыях.


Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 42–43

1777Ян Ходзька, пісьменьнік, публіцыст, грамадзкі дзяяч.

Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, Адам Міцкевіч, Антоні Эдвард Адынец, Ян Чачот
Тамаш Зан, Ігнат Дамейка, Адам Міцкевіч, Антоні Эдвард Адынец, Ян Чачот

1796Ян Чачот, беларускі і польскі паэт і фальклярыст. У 1818 стаў сябрам тайнага таварыства філяматаў. Пасьля выкрыцьця царскімі ўладамі віленскіх студэнцкіх згуртаваньняў у 1823 зьняволены ў Віленскую турму, потым сасланы на Ўрал. Толькі праз 10 гадоў паэту дазволілі вярнуцца на Беларусь.

1880 — Іван Краскоўскі, дзяяч беларускага і ўкраінскага нацыянальных рухаў.

У памяці

1834 — памёр Людвік Тадэвуш Замбжыцкі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1830–1831 гг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG