Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям’ю горадзенскага журналіста Алеся Дзянісава дапыталі ў Сьледчым камітэце


Алесь Дзянісаў.
Алесь Дзянісаў.

Музыка і журналіст з Горадні Алесь Дзянісаў разам з жонкай Натальляй і паўналетняй дачкой Дар’яй 22 чэрвеня наведаў упраўленьне Сьледчага камітэту па Горадзенскай вобласьці.

Як паведамляе БАЖ, сям’ю Дзянісавых выклікалі ў якасьці сьведак па крымінальнай справе, па якой зьняволены мастак Алесь Пушкін.

Алесь Дзянісаў некалькі гадзін даваў паказаньні і цяпер знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошваньні матэрыялаў справы.

26 сакавіка 2021 году пракуратура Горадні ўзбудзіла крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніка прыватнай культурна-асветніцкай установы «Цэнтар гарадзкога жыцьця» Паўла Мажэйкі і мастака Алеся Пушкіна, а таксама іншых асоб. Іх абвінавачваюць «у зьдзяйсьненьні наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму», паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Гаворка ідзе пра паказ на выставе партрэта ўдзельніка антысавецкага падпольля Яўгена Жыхара, аўтарства Алеся Пушкіна.

30 сакавіка мастака Алеся Пушкіна затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Ён фігурант крымінальнай справы, якую пачала горадзенская пракуратура паводле ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Паводле пракуратуры — «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму».

Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара «з аўтаматам на плячы», выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні. Спачатку Алеся Пушкіна зьмясьцілі ў горадзенскі СІЗА, а потым перавялі ў Менск.

Эканамічны суд Горадзенскай вобласьці пастанавіў ліквідаваць «Цэнтар гарадзкога жыцця». Павал Мажэйка абавязаны выканаць гэтае патрабаваньне суду да 12 жніўня.

«Цэнтар гарадзкога жыцьця» — гэта прыватная адукацыйна-культурная пляцоўка. Тут прайшлі сотні мерапрыемстваў культурніцкай, асьветніцкай, адукацыйнай скіраванасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG