Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле тэмпаў вакцынацыі Беларусь адстае ад Расеі ўдвая


У Расеі тэмпы вакцынацыі больш шпаркія, чым у Беларусі. У РФ цалкам вакцынаваныя двума кампанэнтамі 10,6% насельніцтва, у Беларусі амаль удвая менш — 5,1%. Чаму Беларусь адстае нават ад суседняй Расеі?

У Беларусі цалкам вакцынавана 5% насельніцтва, у Расеі — больш за 10%

На 22 чэрвеня ў Беларусі першую дозу прышчэпак атрымалі 776,4 тысячы чалавек (8,2% насельніцтва). Прышчэпленыя дзьвюма дозамі 484,3 тысячы (5,1%), паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Мінздароўя.

У Расеі колькасьць вакцынаваных — 19 558 487 чалавек (13,40%), цалкам вакцынавана 15 210 415 (10,42%).

Аднак для фармаваньня калектыўнага імунітэту гэтага недастаткова. Імунолягі сьцьвярджаюць, што на яго можна разьлічваць, калі вакцынавана ня менш за 60% насельніцтва.

Доктар-інфэкцыяніст, які пажадаў, каб яго не называлі, выказаў такое меркаваньне: першая прычына ў тым, што вакцынацыя ў Беларусі пачалася месяцы на тры пазьней, чым у Расеі.

«Да прыкладу, у Расеі мэдыкаў, людзей з групы рызыкі пачалі прышчапляць на пачатку сьнежня 2020 году, масавая вакцынацыя ў Расеі афіцыйна пачалася 18 студзеня 2021 году. А ў Беларусі першую партыю мэдыкаў прышчапілі толькі 19 студзеня, справа ішла марудна.

А масавая вакцынацыя ўсіх ахвотных пачалася толькі ў красавіку, прычым спачатку па запісе, з чэргамі. Памятаеце, па колькі часу людзі стаялі ў чарзе ў гандлёвым цэнтры „Экспабел“, каб прышчапіцца?

Зараз скажу парадаксальную рэч, але дрэнную справу тут зрабіла афіцыйная прапаганда. То не прызнавалі небясьпеку хваробы, ня бачылі вірус, то наўмысна заніжалі статыстыку, то па дзяржканалах нагняталі жарсьці вакол замежных вакцын, расказвалі жахі пра наступствы ад Moderna ды AstraZeneca.

А цяпер да людзей нарэшце дайшло, што неабходна прышчапляцца. У адрозьненьне ад той жа Расеі, асаблівымі „пернікамі“ ў нас людзей не заахвочваюць. Хіба што месцаў, дзе можна прышчапіцца, паболела, задзейнічалі РНПЦ, клінікі. Але зараз прынамсі „Спутнік“ цалкам даступны, і народ пайшоў прышчапляцца, зразумеўшы, што прынамсі сёлета прызнаных у сьвеце „Pfizer“, „AstraZeneca“ ці „Moderna“ мы наўрад ці дачакаемся.

Вядома, сустракаюцца і перакананыя праціўнікі прышчэпак, але яны ёсьць паўсюль. Таму я асабіста выступаю за добраахвотную вакцынацыю. Ня трэба нікога прымушаць», — перакананы доктар-інфэкцыяніст.

У Расеі афіцыйна зарэгістраваныя 4 вакцыны, у Беларусі — 2

  • «Гам-КОВІД-Вак» (больш вядомая пад назвай «Спутнік V»), распрацаваная Нацыянальным дасьледчым цэнтрам эпідэміялёгіі імя Гамалеі
  • «ЭпіВакКарона», распрацаваная Дзяржаўным навуковым цэнтрам вірусалёгіі і біятэхналёгіі «Вектор»
  • «КовіВак» — вакцына, распрацаваная Фэдэральным навуковым цэнтрам дасьледаваньняў і распрацоўкі імунабіялягічных прэпаратаў імя Чумакова
  • «Спутнік Лайт» — прэпарат уяўляе сабой першы кампанэнт вакцыны «Спутнік V». У адрозьненьне ад першых трох, гэта аднакампанэнтная вакцына

Першымі трыма ўжо вакцынуюць. Прэпараты ўводзяцца ў два этапы з рознымі інтэрваламі. Мяркуецца, што «Спутнік Ла у шырокі абарот у Расеі паступіць 25 чэрвеня.

У Беларусі даступныя два віды вакцын. Адна — «Гам-КОВІД-Вак» («Спутнік V») беларускага разьліву. Сама вакцына вырабляецца ў Расеі і толькі разьліваецца ў Беларусі на прадпрыемстве «Белмэдпрэпараты». Затым гатовая расфасаваная вакцына праходзіць праверку ў Расеі і з сэртыфікатам вяртаецца ў Беларусь.

Беларусы могуць прышчапіцца і вакцынай кітайскай вытворчасьці «SARS-CoV-2 Vaccine» (Vero Cell), якую вырабляе фармкампанія Sinopharm. Кітайская ёсьць не паўсюль.

Сэртыфікаты ў Беларусі выдаюцца пасьля поўнай вакцынацыі, каштуюць яны каля 5 рублёў. Але ў краінах Эўразьвязу яны не прызнаюцца, бо расейская вакцына «Спутнік V» дагэтуль ня ўхваленая Эўразьвязам.

У Ноўгарадзе не зарэгіструюць шлюб без прышчэпкі, у Маскве людзей заахвочваюць лятарэяй з машынамі і кватэрамі

У апошнія дні ў Расеі адзначаецца сур’ёзны пад’ём захворваньняў на каранавірус. За 21 чэрвеня прырост — 16 715 новых выпадкаў. У Маскве за суткі выявілі 6555 новых хворых, у Маскоўскай вобласьці — 1871, у Санкт-Пецярбургу— 1065.

У шэрагу расейскіх рэгіёнаў уведзена абавязковая вакцынацыя. Мясцовыя ўлады ўводзяць непапулярныя захады: да прыкладу, у Маскве плянавую мэдычную дапамогу можна будзе атрымаць толькі пасьля вакцынацыі. Наведаць некаторыя рэстарацыі і кавярні можна толькі з сэртыфікатам. Рэктары сталічных ВНУ рэкамэндуюць пускаць на вочныя заняткі толькі прышчэпленых студэнтаў.

Кожны рэгіён, кожнае прадпрыемства прапаноўвае свае заахвочваньні, каб людзі прышчапляліся.

У Маскве разыгрываюць у лятарэю аўтамабілі — штотыдзень 5 машын. У Серпухаве і Ўфе — кватэры.

У Ніжагародзкай вобласьці жыхары рэгіёну без даведкі ад вакцынацыі ня змогуць ажаніцца. Да таго ж неабходна мець адмоўны ПЦР-тэст на COVID-19 або вынік тэсту на антыцелы.

Найбуйнейшы ў Расеі вытворца аўтамабіляў «АвтоВАЗ» паабяцаў супрацоўнікам па 1,5 тысячы рублёў (прыкладна 20 даляраў) за вакцынацыю ад каранавірусу. Атрымаць узнагароджаньне могуць і ўжо прышчэпленыя, паведамляе РБК.

Ці давяраюць беларусы расейскай вакцыне?

Міністар аховы здароўя Беларусі Дзьмітрый Піневіч паведаміў у эфіры БТ , што дзьве дозы расейскага «Спутніка V» абыходзяцца дзяржбюджэту ў 19,9 даляра. А іншыя — значна даражэйшыя, сьцьвярджае беларускі чыноўнік.

Кошт адной дозы Pfizer ў лістападзе 2020 году быў 15,5 эўра, у траўні вакцына падаражэла да 18 эўра. Цана «AstraZeneca» меншая — да 5 даляраў за дозу. Так што пры выбары, якую вакцыну закупляць, справа, хутчэй за ўсё, ня ў грошах.

Доктарка, якая праводзіць агляд перад прышчэпкай у адной са сталічных паліклінік, расказала, што як толькі на пачатку красавіка пачалася масавая вакцынацыя, прышчаплялі вакцынай «Спутнік V» чыста расейскай вытворчасьці — поўнага цыклю.

«А 20 красавіка да нас паступіла вакцына беларускага разьліву. Некаторыя прыходзілі на прышчэпку, даведваліся пра гэта і сыходзілі, не давяралі, атрымліваецца, беларускаму разьліву. Мы ўжо нават жарты прыдумлялі, каб заахвоціць людзей: „Гэта ж ня піва і не бэнзін, калі нядобрасумленныя прадаўцы „бадзяжаць“, маўляў, гэта ж вакцына, якая расфасоўваецца пад кантролем і правяраецца“. Пазьней тыя ж людзі вярталіся, калі разумелі, што іншая вакцына наўрад ці хутка зьявіцца.

Некаторыя хацелі атрымаць менавіта вакцыну кітайскай вытворчасьці, тэлефанавалі штодня ў паліклініку. Пры канцы траўня яна ў нас зьявілася. Цяпер ёсьць два віды на выбар. Але большасьць выбірае „Спутнік“», — кажа доктарка.

У сьпякотны дзень асаблівай чаргі на вакцынацыю няма. Маладая жанчына, якая прыйшла на агляд, расказала, што доўга спадзявалася, што і да Беларусі дойдуць замежныя вакцыны, прызнаныя ў Эўразьвязе.

«Нам жа паабяцалі, што зьявяцца вакцыны розных вытворцаў, можна будзе выбіраць. Я чакала-чакала, цяпер зразумела, што не дачакаюся. Ня тое што не давяраю расейскай вакцыне, я лічу, што тут, хутчэй за ўсё, палітычнае пытаньне, што расейскую не прызнаюць у Эўразьвязе.

Вырашыла ўсё ж прышчапіцца «Спутнікам». Па-першае, вельмі напалохаў усплёск каранавірусу ў Расеі, дый у нас людзі расслабіліся, многія ня носяць маскі.

Па-другое, хутка адпачынак, я прачытала, што, напрыклад, у Грузію ці Турэччыну можна паляцець з сэртыфікатам аб вакцынацыі «Спутнікам V», — расказала жанчына.

Малады чалавек чакаў менавіта вакцыну кітайскай вытворчасьці.

«Мой сябар, лекар, сказаў, што ў складзе яе так званы „забіты“ каранавірус, а не жывы, як у расейскай. Да таго ж, яе Ўсясьветная арганізацыя здароўя ўхваліла, можа, хутчэй за расейскую і Эўразьвяз ухваліць. Вядома ж, хацеў „Файзэрам“ прышчапіцца, але дзе яго ўзяць?» — разважае хлопец.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG