У Сяргея Трэшчанкі — двое малалетніх дзяцей. Яны з жонкай і дзецьмі жылі ў інтэрнаце БМЗ. Цяпер сям’я можа застацца без жытла.
Судзіць яго Анатоль Сотнікаў. Пракурор — Аляксандр Мохараў.
Свабодзе з запісам працэсу дапамог гомельскі валанцёр Ільля Міронаў.
У чым абвінавацілі
«Трэшчанка, падзяляючы і падтрымліваючы ідэі сацыяльнай нецярпімасьці да прадстаўнікоў улады і іншых сацыяльных групаў, выказваючы непрыязь да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, гэта значыць, дзейнічаючы па матывах варожасьці, наўмысна, з мэтай распальваньня варожасьці разьмясьціў у сацыяльнай сетцы „Вконтакте“ спасылку на ролік „Штучны інтэлект зрывае маскі з АМАП“, і пакінуў свой камэнтар да яго».
Камэнтар гучаў такім чынам, што варта «вычысьціць зь іх усе грошы, аформіць на іх крэдыты, а грошы перадаць у дзіцячыя дамы, шматдзетным сем’ям і малазабясьпечаным».
«Камэнтар быў пабуджальнага характару, накіраваны да дзеяньняў на прычыненьне школы адной групай грамадзян другой групе — на распальваньне сацыяльнай варожасьці, падбухторваючы да дыскрымінацыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, прыніжэньня іх годнасьці, выклікаючы антыпатыю, агіду і нянавісьць», — зачытаў абвінавачаньне пракурор.
Ці можна і якім чынам выказваць сваё меркаваньне
Сяргей на судзе расказваў, што мае «Вконтакте» каля 200 сяброў. Ролік і камэнтар да яго бачыў 101 чалавек. Ён разьмясьціў каля дзесяці відэа, зьвязаных з падзеямі пасьля выбараў у Беларусі.
— Зь якой мэтай вы гэтыя відэа разьмясьцілі? (пра штучны інтэлект. — РС)
— Гэта было маё меркаваньне і асуджэньне тых дзеяньняў, якія былі паказаныя на відэа.
— Для чаго вы выказвалі сваё меркаваньне?
— Нават ня ведаю, проста выказаць сваё меркаваньне, мэты ніякай не было. Я быў нязгодны з тымі дзеяньнямі. Дзеяньні сілавікоў былі жорсткія, мяне гэта абурыла.
— Пра што ваш камэнтар быў? «Рабяты, вычысьціце ўсе грошы з рахункаў гэтых м..ей»?
— Я ня ведаю. Па сутнасьці, такія дзеяньні, пра якія я пісаў — іх немагчыма выканаць.
— На той момант для чаго вы разьмясьцілі камэнтар?
— Я быў на эмоцыях, у стрэсе і не магу ўсё гэта патлумачыць. Я быў цьвярозы, я ня п’ю, я з такімі падзеямі ў жыцьці сутыкаюся ўпершыню, і як дзейнічаць, як выказваць сябе, якімі словамі — я ня ведаю.
— Адзнаку сваім дзеяньням вы давалі?
— Я спачатку гомельскім апэратыўнікам, міліцыянтам, шчыра прыносіў прабачэньні. Мне сказалі, што можна запісаць відэа, выбачыцца, што я і зрабіў. Я выбачаўся, што я ня меў права асуджаць і даваць ацэнку людзям, якія былі на роліку. Я ня меў права даваць камэнтары тым дзеяньням, якія былі на відэа, і асуджаць гэтых людзей, выказваць свае погляды.
— Вы падзялялі і прытрымліваліся ідэй сацыяльнай нецярпімасьці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, як напісана ў абвінавачаньні? Прызнаяце ў гэтым віну?
— Я не адчуваю варожасьці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
— Вы заклікалі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды супрацоўнікам міліцыі?
— Мэты не было. І дзеяньні немагчыма было выканаць. Я нават не ўяўляў. Я толькі тут сутыкнуўся з гэтымі фармулёўкамі... Я ня меў рацыі. Прызнаю віну.