Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За зьнявагу дзяржаўнай мовы ва Ўкраіне хочуць увесьці крымінальную адказнасьць


Падчас акцыі каля ўкраінскага парлямэнту, 25 красавіка 2019
Падчас акцыі каля ўкраінскага парлямэнту, 25 красавіка 2019

У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны зарэгістраваны праект закону, згодна зь якім прапануецца ўвесьці крымінальную адказнасьць за зьнявагу і прыніжэньне ўкраінскай мовы як дзяржаўнай.

Адпаведныя зьмены ў Крымінальны кодэкс Украіны ініцыявала дэпутатка праўладнай фракцыі «Слуга народу» Лізавета Багуцкая.

У прыватнасьці, дэпутатка прапануе караць грамадзян, якія публічна зьдзекуюцца з украінскай мовы, зьневажаюць і прыніжаюць яе, штрафам ад 17 да 68 тысяч грыўняў (ад 630 даляраў да больш як 2,5 тысячы даляраў у эквіваленце) або арыштам на тэрмін да 6 месяцаў з адначасовым пазбаўленьнем права займаць дзяржаўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю на тэрмін да двух гадоў.

Лізавета Багуцкая патлумачыла сваю ініцыятыву неабходнасьцю абараніць дзяржаўную мову ад публічных зьдзекаў і ўзмацніць супрацьдзеяньне антыўкраінскай прапагандзе. Паводле яе, дзяржаўная мова зьяўляецца адным з дзяржаўным сымбаляў Украіны, таму неабходна ўводзіць крымінальнае пакараньне за зьдзекі зь яе.

Праект закону накіраваны на абмеркаваньне ў некалькі галіновых камітэтаў. Дакумэнт перададуць на разгляд дэпутатаў у сэсійную залю толькі пры ўмове, калі парлямэнцкія камітэты падтрымаюць ініцыятыву.

У красавіку 2019 году Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон аб выключным выкарыстаньні ўкраінскай мовы ўва ўсіх сфэрах дзяржаўнага жыцьця. Ён набыў юрыдычную моц у ліпені 2019-га і прадугледжвае паступовае павелічэньне выкарыстаньня ўкраінскай мовы ў дзяржаўнай службе, сфэры абслугоўваньня, у правасудзьдзі, ахове здароўя, навуцы, культуры. У той жа час закон не абавязвае размаўляць па-ўкраінску ў побыце, не вызначае мову рэлігійных абрадаў і не забараняе расейскай мовы.

У выпадку ігнараваньня моўнага закону прадугледжаныя штрафы, але пакараньня за зьнявагу і зьдзекі з украінскай мовы ён не прадугледжвае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG