Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэркель згадала беларускія пратэсты і анэксію Крыму ў прамове пра напад Нямеччыны на СССР


Ангела Мэркель, архіўнае фота

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель нагадала пра адказнасьць краіны за ўварваньне ў Савецкі Саюз у 1941 годзе. «Для нас, немцаў, гэта — падстава для сораму», — заявіла яна.

Зварот быў апублікаваны ў яе відэаблогу і прымеркаваны да 80-годдзя з дня пачатку наступленьня вэрмахта на пазыцыі савецкіх войскаў.

У тэксьце яна выказала шкадаваньне пра мільёны ахвяраў Другой сусьветнай вайны на расейскай, украінскай і беларускай тэрыторыях, а таксама ў іншых рэспубліках былога СССР і краінах Балтыі. «Нельга забываць, што мы вінныя перад мільёнамі ахвяраў і іх нашчадкамі», — заявіла старшыня нямецкага ўраду.

У сваім звароце яна заявіла аб гістарычнай сувязі Расеі і Нямеччыны, падзякавала былому кіраўніку СССР Міхаілу Гарбачову за ягоную ролю ў пасьляваенным аб’яднаньні Нямеччыны і за працягнутую краіне «руку прымірэньня». Але згадала і сучасныя падзеі на постсавецкай прасторы.

У прыватнасьці, яна выказалася пра разгон беларускіх і расейскіх пратэстаў, адзначыўшы, што дзейнасьць грамадзянскай супольнасьці ў двух краінах у апошні час «стала немагчымай». І нагадала, што Нямеччына, як і ўвесь Эўрапейскі зьвяз, лічыць непрымальнымі анэксію Расеяй Крыму і падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.

18 чэрвеня ў Бэрліне прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер адкрыў выставу, прысьвечаную савецкім ваеннапалонным. 22 чэрвеня ён ускладзе вянок да Савецкага ваеннага мэмарыялу ў бэрлінскім раёне Панкаў.

У пятнічным мерапрыемстве ў Бэрліне адмовіўся ўдзельнічаць пасол Украіны Андрэй Мельнік. Ён заявіў, што байкатуе памятнае мерапрыемства, паколькі ён праходзіць у нямецка-расейскім музэі, у назьве якога ня згадваюцца іншыя постсавецкія рэспублікі. «Такім чынам, СССР дэ-факта прыраўноўваецца да Расеі, што зьяўляецца скажэньнем гісторыі, якое варта цьвёрда адкінуць», — заявіў украінскі дыплямат. У канцылярыі Штайнмаера з прэтэнзіямі не пагадзіліся, перадае DW.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG