Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыянты могуць прыходзіць і ўначы, і ў выходныя». Жанчына, якая сарвала маску зь міліцыянта, адбывае «хатнюю хімію»


Настасься Герыловіч, якая сарвала маску з супрацоўніка міліцыі, пачала адбываць «хатнюю хімію».

Суд у Жодзіне 26 траўня вынес прысуд Настасьсі Герыловіч паводле 364-га артыкулу (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэксу.

Настасься ўбачыла, як летась падчас акцыі супрацоўнік міліцыі выцяў па твары Наілю Гусакову і тая ўпала на зямлю. Гэта ўразіла Настасьсю, яна падбегла да міліцыянта, сарвала зь яго маску, каб знаць яго ў твар.

Настасьсю пакаралі абмежаваньнем волі на 2,5 года без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу.

Жанчына не абскарджвала прысуду: вырашыла не марнаваць час, кажа, што адвакат мае цяпер шмат працы.

Трэці дзень «хіміі»

Настасься Герыловіч адбывае «хімію» дома ў Жодзіне, дзе яна жыве з 10-гадовым сынам.

«Трэба адзначацца ў міліцыі кожны панядзелак: да іх прыйсьці, расьпісацца. Дома трэба знаходзіцца ў будныя дні з 9 гадзін вечара да 6-й ранку, а ў выходныя цэлы дзень дома, таксама нельга ўжываць алькаголю, — кажа Настасься. — Могуць прыйсьці з праверкай дахаты. Мне казалі сябры, што на „хіміі“ да людзей прыяжджаюць а 4-й ранку і правяраюць, ці цьвярозы, дыхаеш у трубачку».

Настасься Герыловіч, архіўнае фота
Настасься Герыловіч, архіўнае фота

Жанчыне дазволілі езьдзіць на сваю ранейшую працу ў Менску, у прыватнай кампаніі «Захаграмаш».

«З працы нельга звольніцца, пакуль ня знойдзеш іншага месца. Чалавек на „хатняй хіміі“ мусіць заўсёды працаваць. Таксама трэба хадзіць на адмысловыя лекцыі ў ГАУС. Мая першая лекцыя адбудзецца ў гэту нядзелю, тэмы не паведамілі. Там зьбіраюць тэматычна: напрыклад, хто ня плаціць алімэнты, — асобна, палітычных асобна».

Настасься можа хадзіць у паліклініку, калі спатрэбіццца, яна можа прымаць гасьцей, але самой у госьці хадзіць нельга.

«Я выходжу з дому, каб пайсьці папрацаваць, купіць нешта ў краме і вярнуцца дадому. Сабаку магу выгульваць з 6-й раніцы да дзевяці вечара. Пакуль ня ведаю, ці можна выгульваць сабаку па выходных, калі мой 10-гадовы сын знаходзіцца ў бабулі. У Жодзіне можна адсутнічаць пэўны час, але толькі з дазволу міліцыі. Калі атрымаецца паехаць у вёску ў Бярозаўскім раёне, то я мушу адзначацца ў міліцыі гэтага раёну».

Таксама Настасьсю папярэдзілі пра пакараньні, калі яна парушыць рэжым «хатняй хіміі».

«Калі ёсьць парушэньне, то можна атрымаць вымову альбо 15 дзён арышту. Гэта таксама вырашае ГАУС. Калі ў мяне будуць тры парушэньні, то гэта будзе адно афіцыйнае папярэджаньне. І калі ў цябе ёсьць адно афіцыйнае папярэджаньне і яшчэ адно парушэньне, то ты едзеш у турму», — расказвае жанчына.

У сына Настасьсі цяпер вакацыі.

«Сыну я патлумачыла, што могуць прыходзіць міліцыянты і ўначы, і ў выходныя, каб ён не хваляваўся. І сказала, што цяпер часта буду дома, — кажа Настасься. — Гэта, вядома, не турма, але як па мне, дык 2,5 года — гэта вялікі тэрмін для „хатняй хіміі“».

Настасься Герыловіч
Настасься Герыловіч

Настасься Герыловіч успамінае момант, калі ўдарылі жанчыну.

«Сябры мяне падтрымалі. Аднаклясьнікаў, якіх даўно ня бачыла, усіх пабачыла. Аднагрупнікі таксама падтрымалі, калегі на працы, сваякі падтрымліваюць, — дзеліцца Настасься. — Мне ў дзень народзінаў 23 траўня было 35 гадоў, мы добра адзначылі ў рэстарацыі, гэта было якраз перад судом».

Настасьсі на «хатняй хіміі» нельга хадзіць на масавыя акцыі, у кіно, музэй ці тэатар, на канцэрты, у рэстараны.

«У мяне пачынаецца вельмі невясёлае жыцьцё. Але ўсе мяне падтрымліваюць. Я сама люблю праяўляць салідарнасьць зь іншымі людзьмі. Але калі да цябе столькі ўвагі і падтрымкі, гэта надае сілы для барацьбы за сваё жыцьцё і жыцьцё сваёй краіны», — кажа Настасься Герыловіч.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG