Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў законы аб абароне канстытуцыйнага ладу, якія ініцыяваў Лукашэнка

абноўлена

Палата прадстаўнікоў.
Палата прадстаўнікоў.

Законапраект быў прыняты на другі дзень пасьля ўнясеньня яго ў ніжнюю палату Нацыянальнага сходу.

17 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытаньні законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях абароны сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу».

Законапраект быў распрацаваны з улікам дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі ад 9 траўня № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу», піша БелТА.

Праект прадугледжвае, што будуць унесеныя зьмены ў законы «Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь», «Аб надзвычайным становішчы» і «Аб ваенным становішчы».

Праект закону быў унесены ў Палату прадстаўнікоў на даручэньне Лукашэнкі Саветам Міністраў 15 чэрвеня 2021 году.

9 траўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Дакумэнтам прадугледжваецца, што ў выпадку ягонай гібелі ад замаху, тэракту, вонкавай агрэсіі на тэрыторыі краіны ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча.

Дэкрэт № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу» прадугледжвае, што ў выпадку гвалтоўнай сьмерці Лукашэнкі дзяржаўныя органы і службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасьці з рашэньнямі Рады бясьпекі, на пасяджэньнях якой старшынюе прэм’ер-міністар. Акрамя таго, у законе:

  • удакладненыя задачы войска, паўнамоцтваў і сацыяльна-прававых гарантый вайскоўцаў, якія прымаюць удзел у забесьпячэньні рэжыму надзвычайнага і ваеннага становiшча;
  • удакладнены падставы і парадак увядзеньня надзвычайнага і ваеннага становішча з улікам сучасных пагроз нацыянальнай бясьпецы;
  • адкарэктаваныя надзвычайныя меры і часовыя абмежаваньні, якія прымяняюцца ва ўмовах надзвычайнага становішча, удакладнены сілы і сродкі, якія ўдзельнічаюць для забесьпячэньня рэжыму надзвычайнага становішча, а таксама парадак ажыцьцяўленьня кантролю па рэалізацыі дадзеных захадаў;
  • рэглямэнтаваныя нормы аб дзяржаўнай сыстэме рэагаваньня на акты тэрарызму і дзейнасьць тэрарыстычных арганізацый, незаконныя ўзброеныя фармаваньні і масавыя беспарадкі.

Новая нагода для надзвычайнага становішча — «спробы гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, захопу або прысабечваньня ўлады»; пры надзвычайным становішчы забараняюцца ці абмяжоўваюцца любыя зборы грамадзян, мітынгі, шэсьці, прыпыняецца выпуск СМІ, абмяжоўваецца доступ да інтэрнэт-СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG