Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва і Эстонія абвінавацілі расейскіх вайскоўцаў у парушэньні сваіх межаў


Расейскі зьнішчальнік Су-35, які, паводле заявы эстонскіх уладаў, парушыў паветраную прастору краіны

Літва і Эстонія абвінавацілі Расею ў парушэньні сваіх паветраных прастораў вайсковымі самалётамі, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на дзяржаўныя ведамствы дзьвюх краін Балтыі.

У сераду ў літоўскі МЗС быў выкліканы прадстаўнік пасольства Расеі, якому быў заяўлены афіцыйны пратэст. У дакумэнце сказана, што напярэдадні два самалёты ВПС Расеі перасеклі паветраную прастору Літвы над Балтыйскім морам, паглыбіўшыся на тэрыторыю краіны на адзін кілямэтар. Літоўскія ўлады запатрабавалі ад Расеі афіцыйна патлумачыць інцыдэнт і зрабіць захады, каб у далейшым падобнае не паўтарылася.

Міністар абароны Літвы Арвідас Анушаўскас зьвязаў дзеяньні Расеі з арганізаванымі ЗША міжнароднымі вучэньнямі BALTOPS, якія праходзяць на Балтыцы. У іх задзейнічана каля 4 тысяч вайскоўцаў, 60 самалётаў і 40 караблёў з 18 краін.

У сваю чаргу, у галоўным штабе Сіл абароны Эстоніі заявілі, што ў аўторак два расейскія вайсковыя зьнішчальнікі Су-35 без дазволу ўвайшлі ў паветраную прастору краіны ў раёне вострава Хію. МЗС Эстоніі таксама выклікаў часовага паверанага ў справах РФ і перадаў яму ноту пратэсту. Расейскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што зьнішчальнікі не парушалі паветранай прасторы і што палёт праходзіў па вызначаным маршруце.

Яшчэ ў адной краіне Балтыі, Латвіі, у сераду быў затрыманы грамадзянін Расеі. Яго імя не раскрываецца, аднак мясцовыя СМІ паведамляюць, што затрыманьне зьвязанае з крымінальнай справай, распачатай раней супраць дэпутата сэйму Латвіі Яніса Адамсанса. Яго падазраюць у шпіянажы на карысьць Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG