Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт RFE/RL пра Ігара Лосіка: «Рыхтуюць паказальны суд»


Ігар Лосік
Ігар Лосік

Прэызыдэнт Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа Джэймі Флай нагадаў, што неўзабаве будзе год, як Ігар Лосік за кратамі.

«25 чэрвеня споўніцца год, як улады Беларусі незаконна схапілі Ігара Лосіка ва ўласным доме. Ад таго часу Ігар перажываў жорсткае абыходжаньне і псыхалягічныя катаваньні ў сьледчым ізалятары, а неўзабаве адбудзецца тое, што можна назваць толькі паказальным судом», — сказаў Джэймі Флай.

Сёньня стала вядомая дата пачатку працэсу над Ігарам Лосікам, якога будуць судзіць разам зь Міколам Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім, Уладзімерам Цыгановічам, Арцёмам Сакавым і Дзьмітрыем Паповым: 24 чэрвеня.

Блогеру і фрылянсэру-кансультанту Радыё Свабода Ігару Лосіку пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Яму закідаюць распальваньне сацыяльнай варожасьці і арганізацыю масавых беспарадкаў.

Джэймі Флай заклікае неадкладна вызваліць Ігара Лосіка і «спыніць сыстэматычны перасьлед журналістаў беларускім рэжымам».

На мінулым тыдні Джэймі Флай падчас слуханьняў у камітэце міжнародных адносінаў Сэнату ЗША, прысьвечаных палітыцы Злучаных Штатаў адносна Беларусі, перадаў сэнатарам словы жонкі Ігара Лосіка Дар'і, што лёс Ігара залежыць ад дзеяньняў міжнароднай супольнасьці.

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.

11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

  • 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
  • Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG