Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За сустрэчу з прадпрымальнікам-беларусам супрацоўніца мясцовай улады Львоўшчыны заплаціць штраф. Чаму?


Сустрэча беларускага бізнэсоўцы Дзмітрыя Рудчанкі (трэці зьлева) з уладамі Стрыйскага раёну
Сустрэча беларускага бізнэсоўцы Дзмітрыя Рудчанкі (трэці зьлева) з уладамі Стрыйскага раёну

Кіраўніца спраў выканаўчага камітэту Стрыйскай гарадзкой рады Аксана Затварніцкая заплаціць 510 грыўняў штрафу і 454 грыўняў судовага збору за парушэньне рэжыму сакрэтнасьці пры арганізацыі сустрэчаў з грамадзянамі замежных дзяржаў (агулам 35 даляраў у эквіваленце).

Такое рашэньне ўхваліў суд пасьля разгляду адпаведнага пратаколу аддзелу аховы дзяржаўнай таямніцы ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Львоўскай вобласьці.

Як адзначаецца ў судовым рашэньні, гаворка ідзе пра дзьве камэрцыйныя сустрэчы — 3 сакавіка з італьянскім, а 24 сакавіка зь беларускім прадпрымальнікамі. Абодва ствараюць у Стрыі заводы.

Паводле інфармацыі Стрыйскай гарадзкой рады, 24 сакавіка мэр гораду Алег Канівец падпісаў мэмарандум зь беларусам Дзьмітрыем Рудчанкам, дырэктарам адной з камэрцыйных кампаній, аб будаўніцтве ў Стрыі заводу газабэтону. Інвэстыцыйны кошт гэтага праекту — 18 мільёнаў эўра.

Дзьмітры Рудчанка ачольвае ўкраінскую кампанію, заснавальнікі якой — нямецкая і расейская кампаніі. Апошняя — яе канчатковы бэнэфіцыярны ўласьнік.

Паводле ўпраўленьня СБУ, перад правядзеньнем сустрэчаў з замежнікамі арганізатары павінны пісьмова паведамляць пра склад замежных дэлегацый, час і мэты іхнага наведваньня, а пасьля падрыхтаваць справаздачы пра зьмест перамоваў і перададзенай замежным грамадзянам інфармацыі.

Праграма наведваньня замежнікамі рэжымных аб’ектаў павінна абавязкова ўзгадняцца з органамі бясьпекі. Такія правілы ўведзеныя ва Ўкраіне ад сьнежня 2013 году.

Раней за аналягічныя парушэньні пакаралі Сяргея Бычкова, які выконвае абавязкі генэральнага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Антонов», за парушэньне рэжыму сакрэтнасьці ў часе прыёму дзьвюх замежных дэлегацый — францускай кампаніі Selter.film і беларускай «БЕЛЗАБПРАМ» («BELSNABPROM»).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG