Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат у кацлеры Нямеччыны выказаўся за новыя санкцыі супраць Лукашэнкі


Армін Ляшэт падчас прэс-канфэрэнцыі зь Сьвятланай Ціханоўскай у Бэрліне, 11 чэрвеня 2021 г.

Армін Ляшэт, старшыня Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу, які ўваходзіць у кіроўную кааліцыю ў Нямеччыне, лічыць, што Эўразьвяз павінен увесьці дадатковыя санкцыі, каб «мэтанакіравана аказаць ціск на Лукашэнку».

Пра гэта Армін Ляшэт, які займае пасаду прэм’ер-міністра нямецкай фэдэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія і зьяўляецца кандыдатам у канцлеры ад Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу, сказаў у інтэрвію Deutsche Welle.

Гаворачы пра новы пакет санкцый, які рыхтуе Эўразьвяз супраць Менску, Ляшэт адзначыў:

«Мы вырашылі ўнесьці ў санкцыйныя сьпісы функцыянэраў, якія датычныя да парушэньняў правоў чалавека наўпрост ці ўскосна. І часткова гэтыя функцыянэры актыўныя ў эканамічнай сфэры, уключаючы і самога Лукашэнку. І ў дачыненьні да іх актываў, іх фірмаў павінен быць уведзены санкцыйны рэжым Эўразьвязу. Гэтага яшчэ не адбылося. І маё жаданьне заключаецца ў пашырэньні санкцый, каб мэтанакіравана аказаць ціск на Лукашэнку».

У кастрычніку, лістападзе і сьнежні Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе ЭЗ цяпер 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генпракурор Андрэй Швэд і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісій.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў:

  • ЗАТ «Белтэхэкспарт»
  • «Дана Холдынгз/Дана Астра»
  • Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь
  • ТАА «Сінэзіс»
  • ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод»
  • ААТ «140-ы рамонтны завод»
  • ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG