Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр рэжысэр фільма «Дэпутаты» і трылёгіі пра Казіміра Сьвёнтка Юры Гарулёў


Юры Гарулёў
Юры Гарулёў

Вядомы апэратар, рэжысэр і сцэнарыст памёр на 78-м годзе жыцьця.

13 чэрвеня памёр заснавальнік і шматгадовы дырэктар каталіцкага фэстывалю хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat, апэратар, рэжысэр і сцэнарыст Юры Гарулёў, паведамляе catholic.by.

Нарадзіўся 22 траўня 1944 году ў Тамбоўскай вобласьці РСФСР, куды яго бацькі зьехалі ў эвакуацыю. Пасьля ІІ ўсясьветнай вайны сям’я вярнулася ў Магілёў, а калі Юрыю было 5 гадоў, пераехала ў Менск.

Працу ў кінематографе Гарулёў пачаў у 1975 годзе памочнікам апэратара на «Беларусьфільме». У 1980 годзе здымаў Алімпійскія гульні ў Маскве. У 1982 годзе скончыў апэратарскі факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытуту кінематаграфіі ў Маскве.

Юры Гарулёў — адзін з аўтараў фільму «Дэпутаты» пра паседжаньні Вярхоўнага Савету ў 90-я. У сумеснай працы з Аляксандрам Лукашуком былі зафіксаваныя дэбаты дэпутатаў, у тым ліку ў час вызначальных падзей: выштурхоўваньня з трыбуны першага сакратара ЦК кампартыі Анатоля Малафеева, дамаганьне Беларускім народным фронтам праўды пра Чарнобыль (дэбаты на сэсіі), мітынгі супраць ГКЧП у жніўні 1991-га.

Акрамя таго, ён аўтар дакумэнтальнай кінатрылёгіі, прысьвечанай кардыналу Казіміру Сьвёнтку: «Mater Misericordiae» (1997), «Вяртаньне» (1999), «Канікулы кардынала» (2004).

Гарулёў — ляўрэат прэміі «За духоўнае адраджэньне», шматлікіх нацыянальных і міжнародных кінапрэмій. Быў арганізатарам уласнай кінастудыі «Стопкадар».

Інфармацыя пра разьвітаньне зь Юрыем Гарулёвым і яго пахаваньне будзе вядомая пазьней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG