Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: Статкевіча, Ціханоўскага, Лосіка і іншых будуць судзіць проста ў СІЗА


Палітвязьні Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў
Палітвязьні Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў

Міколу Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка і астатніх фігурантаў іх крымінальнай справы нават не павязуць у суд. Іх будуць судзіць у закрытым рэжыме проста ў СІЗА Гомля.

Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Нашай нівы».

Паводле цяперашняй інфармацыі «НН», іх нават ня будуць дастаўляць у будынак суду, а будуць судзіць непасрэдна ў СІЗА. Праўда, выданьне не ўдакладняе крыніцу інфармацыі.

Пазьней «Наша ніва» ўдакладніла са спасылкай на сваякоў палітвязняў, што афіцыйнага пацверджання інфармацыі пра тое, што суд над Статкевічам, Ціханоўскім і Лосікам пройдзе проста ў СІЗА, няма.

«Такі варыянт папраўдзе вельмі імаверны. 90%, што суд будзе закрыты», — сказала Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча. Але паперы з суду яна пакуль не атрымлівала.

4 траўня стала вядома, што справу палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова будзе разглядаць Гомельскі абласны суд.

Ціханоўскаму, Сакаву і Папову інкрымінуюць:

  • арганізацыю масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу);
  • распаўсюджваньне групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальваньне сацыяльнай варожасьці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • пагрозы ў адрас старшыні ЦВК Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 191 КК);
  • арганізацыю групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя з прымяненьнем гвалту ў дачыненьні прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК).

Мікалаю Статкевічу прад’яўлена абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК).

Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча вінавацяць паводле артыкулаў:

  • распальваньне сацыяльнай варожасьці да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асобаў (ч. 3 арт. 130 КК);
  • арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 КК).

Блогерам Лосіку і Цыгановічу пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Астатнім фігурантам справы — да 15 гадоў зьняволеньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG