Лінкі ўнівэрсальнага доступу

COVID-19: 100 мільёнаў грамадзянаў ЭЗ вакцыяваныя, імунітэт да каранавірусу можа захоўвацца гадамі


Сытуацыя з каранавірусам у Індыі застаецца крытычнай.

Паводле стану на 12 чэрвеня 2021 году, колькасьць інфікаваных COVID-19 у сьвеце дасягнула 176 мільёнаў чалавек. Ахвярамі сталі 3,83 млн чалавек, ачунялі 160 мільёнаў.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на 12 траўня захварэлі 404 740 чалавек, памерлі — 2969, паправіліся і выпісаліся 397 587.

За мінулыя суткі Мінздароўя паведаміла пра 895 новых выпадкаў COVID-19 і 11 сьмярцей. У Беларусі поўны курс вакцынацыі прайшлі больш за 380 тысяч чалавек, гэта каля 4% насельніцтва. Першую дозу атрымалі больш за 7% жыхароў.

На думку незалежных экспэртаў, афіцыйная статыстыка ў Беларусі, асабліва што да колькасьці сьмяротных выпадкаў, істотна заніжаная ў параўнаньні з рэальнай сытуацыяй.

Адным сказам

  • Дзяржавы Эўразьвязу цалкам вакцынавалі ад каранавірусу каля 100 мільёнаў сваіх грамадзянаў.
  • На прадпрыемствах у Эўразьвязе з пачатку году было выраблена каля 700 мільёнаў дозаў вакцыны, 350 мільёнаў зь якіх экспартаваныя ў 90 краінаў.
  • Прэзыдэнт ЗША Байдэн заявіў пра ахвяраваньне 500 мільёнаў дозаў вакцыны Pfizer ад COVID-19 — іх перададуць Сусьветнай арганізацыі здароўя для краінаў, якія ня маюць сродкаў для закупкі вакцын.
  • Штат Вашынгтон (ЗША) прапанаваў бясплатную марыхуану ў абмен на вакцынацыю.
  • У Маскве выявілі рэкордную колькасьць выпадкаў COVID-19 з пачатку году.

Новыя дасьледаваньні: імунітэт да каранавірусу можа захоўвацца гадамі

Атрыманыя навукоўцамі дадзеныя абвяргаюць засьцярогі аб тым, што абарона ад вірусу недаўгавечная.

Паводле двух новых дасьледаваньняў, імунітэт да каранавірусу захоўваецца ня менш за год, а, магчыма, і пажыцьцёва. Больш за тое, зь цягам часу ён умацоўваецца, асабліва пасьля вакцынацыі, піша амэрыканская The New York Times.

Падчас абодвух дасьледаваньняў вывучалі людзей, якія заразіліся каранавірусам каля году таму. Паводле аднаго з дасьледаваньняў, апублікаваным у часопісе Nature, клеткі, што захоўваюць памяць пра вірус, застаюцца ў касьцявым мозгу і могуць прадукаваць антыцелы, калі ў іх узьнікае патрэба.

Іншае дасьледаваньне, вынікі якога апублікаваныя на партале BioRxiv (сайт біялягічных дасьледаваньняў), паказала, што гэтыя так званыя B-клеткі памяці працягваюць высьпяваць і ўмацоўвацца на працягу як мінімум 12 месяцаў пасьля першапачатковага заражэньня.

Абодва дасьледаваньні паказалі, што большасьці людзей, якія перахварэлі на COVID-19 і пасьля былі вакцынаваныя, не спатрэбіцца паўторная імунізацыя. Аднак прышчэпленыя людзі, якія раней не хварэлі, хутчэй за ўсё, будуць мець патрэбу ў дадатковых прышчэпках. Тое самае тычыцца і невялікай колькасьці людзей, якія хварэлі на COVID-19, але ў іх не сфармаваўся ўстойлівы імунны адказ.

«Гэтыя вынікі адпавядаюць растучаму аб’ёму іншых мэдычных публікацый, аўтары якіх мяркуюць, што імунітэт, выкліканы інфэкцыяй і вакцынацыяй супраць SARS-CoV-2, зьяўляецца доўгачасовым», — сказаў The New York Times імуноляг з Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту Скот Хэнслі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG