Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Сусьветны дзень барацьбы зь дзіцячай працай


Дзеці робяць цэглу на фабрыцы непадалёк ад сталіцы Таджыкістану — Душанбэ

Падзеі 12 чэрвеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

12 чэрвеня 1998 году ў Нью-Ёрку памёр Антон Адамовіч, гісторык, літаратуразнаўца й пісьменьнік, палітвысланец 1930-х, дзеяч паваеннай эміграцыі ў Нямеччыне й ЗША, супрацоўнік Беларускай службы Радыё Свабода.

Антон Адамовіч
Антон Адамовіч

Як шмат у жыцьці можа залежаць ад чытаньня правільнай газэты!

Дзякуючы «Нашай Ніве», якую выпісваў ягоны дзядзька, менскі хлопчык Антось Адамовіч ужо ў малодшых клясах заснаваў нелегальную суполку КРЫЮГ — Крыўскую Юнацкую Грамаду. Ягонымі новымі прыступкамі ў школе нацыянальнай сьвядомасьці былі славутая «Беларуская хатка», потым Белпэдтэхнікум і БДУ.

У 1927-м Антон стаў сябрам літаратурнага згуртаваньня «Ўзвышша», створанага Дубоўкам, Чорным, Бядулем ды іншымі тады ўжо амаль мэтрамі прыгожага пісьменства. Побач з старэйшымі паплечнікамі васямнаццацігадовы Адамовіч ня чуўся пачаткоўцам. Ужо праз год ён надрукаваў прыхільна сустрэтую калегамі манаграфію аб творчасьці Максіма Гарэцкага.

Але грымнулі падзеі 1930 году: у справе Саюзу вызваленьня Беларусі ОГПУ арыштавала болей за сто чалавек. Дарэчы, канчатковага адказу на пытаньне — прыдумалі гэтую арганізацыю «органы» ці рэальныя парасткі арганізаванага супраціву ўсё ж існавалі, — дагэтуль няма. Паэт Міхась Кавыль пісаў у ўспамінах пра сябе й сяброў: «Гэта былі неаглядныя мройнікі... Паверыўшы незваротнасьці сталінскай беларусізацыі, кінуліся гуляць з агнём. Чаго вартая хоць такая дурніца, якая, бадай, паслужыла ОГПУ... Ня памятаю, хто дадумаўся „перахрысьціць“ СВБ, напісанае на значку Саюзу ваяўнічых бязбожнікаў, на Саюз вызваленьня Беларусі. І кансьпірацыю прыдумалі: насіць значок не на штрыфлі пінжака, а пад штрыфлем». Аднак арышты й прысуды за такія гульні былі сапраўдныя.

Адамовіч вярнуўся з высылкі ў 1938-м.

У часе нямецкай акупацыі ён уваходзіў у кіраўніцтва Беларускага навуковага таварыства, працаваў у рэдакцыі «Беларускай газэты». Тады ім быў напісаны «Каханы горад» — твор, жанр якога Адамовіч вызначыў як «завязка раману». Штуршком да яго стварэньня было «сьвяточнае» і па-барбарску бязьлітаснае бамбардаваньне савецкай авіяцыяй Менску, што адбылося ў ноч на 1 траўня 1943 году.

У паваенныя гады Адамовіч рэдагаваў эміграцыйныя выданьні, у тым ліку газэту «Бацькаўшчына» і часопісы «Сакавік» і «Конадні». Ён быў адным з кіраўнікоў Беларускай службы Радыё Свабода й стваральнікаў мюнхэнскага Інстытуту вывучэньня СССР.

Найбольш значныя літаратуразнаўчыя і гістарычныя працы напісаныя ім у Нямеччыне і ЗША: «Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры», «Бальшавізм на шляхох устанаўленьня кантролю над Беларусьсю», «Бальшавізм у рэвалюцыйным руху на Беларусі»... У дзьвюх апошніх зробленая выснова, што бальшавіцкая ідэалёгія ня мела на нашай зямлі каранёў і не карысталася падтрымкаю народу. Ужо ў XXI стагодзьдзі ў Нью-Ёрку й Менску выйшлі ягоныя «Творы» і 1500-старонкавы зборнік «Да гісторыі беларускае літаратуры».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.452-453.

Таксама ў гэты дзень

1812 — войскі Напалеона перайшлі Нёман, пачалася вайна Францыі з Расеяй.

1867 — утвораная Аўстра-Вугорская імпэрыя.

1934 — у Менску на вуліцы Кірава быў урачыста адкрыты стадыён «Дынама».

Стадыён «Дынама» ў Менску
Стадыён «Дынама» ў Менску

1937 — у ноч на 12 чэрвеня па справе Тухачэўскага расстраляныя савецкія военачальнікі: Міхаіл Тухачэўскі, Іона Якір, Іеранім Убарэвіч, Аўгуст Корк і іншыя.

1942 — нацысты зьнішчылі гета ў Друі, забілі больш за 2 тысячы габрэяў.

1990 — прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце РСФСР. Цяпер адзначаецца як дзяржаўнае сьвята — Дзень Расеі.

1991 — Барыс Ельцын абраны прэзыдэнтам Расеі.

Інаўгурацыя першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, 1991
Інаўгурацыя першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, 1991

1999 — сухапутныя войскі NATO былі ўведзеныя на тэрыторыю Сэрбіі.

2012 — у Наваградзкім раёне разьбіўся вайсковы самалёт СУ-25. Пілёт падпалкоўнік Мікалай Грыднеў адпрацоўваў манэўры на гранічна нізкай вышыні. Калі машына пачала губляць кіраваньне, ён атрымаў загад катапультавацца, але загінуў, адводзячы машыну ад жылых дамоў вёскі Навіны.

У гэты дзень нарадзіліся

1855 — Пётар Грацыяні, беларускі навуковец у галіне санітарыі, першы санітарны лекар Менску і галоўны лекар інфэкцыйнага шпіталя.

1895 — Леапольд Родзевіч, беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзяяч. Аўтар п’есаў: «Пакрыўджаныя», «Блуднікі», «Зьбянтэжаны Саўка» і іншых. Рэпрэсаваны, расстраляны ў 1938 годзе.

Леапольд Родзевіч
Леапольд Родзевіч

1911 — Мікола Панькоў, беларускі журналіст, бібліяфіл, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

1924 — Джордж Буш-старэйшы, 41-ы прэзыдэнт ЗША.

1929 — Ганна Франк, габрэйская дзяўчынка, вядомая дзёньнікам, дзе апісала жыцьцё пры нацызьме.

У памяці

1997 — Булат Акуджава, расейскі бард, паэт і пісьменьнік.

Булат Акуджава
Булат Акуджава

2013 — Дзіраэмон Кімура, які пражыў 116 гадоў, найстарэйшы з мужчынаў, якія калі-небудзь жылі на Зямлі, чый век усталяваны пэўна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG