Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прапаноўвалі, але адмовіўся». Маці расказала пра сына, які адмовіўся ад Лукашэнкавага памілаваньня


Сын Натальлі Ўладзіслаў з сакавіка адбывае ў 22-й калёніі ў Івацэвічах 2 гады зьняволеньня. Уладзіслаў асуджаны паводле 364 артыкула Крымінальнага кодэксу (гвалт адносна супрацоўнікаў праваахоўных органаў).

Паводле Натальлі, яе сын не захацеў падаваць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Чаму і на якіх умовах сыну прапанавалі падпісаць прашэньне аб памілаваньні, Натальля ня ведае. Паводле жанчыны, яе размова з сынам на гэтую тэму была кароткай зь невядомай ёй прычыны.

«Пазваніў сёньня праз тэлефон — быў рэгулярны званок. А я раней чытала навіны пра такія прапановы, і нават ведаю сваякоў хлопцаў, каму прапаноўвалі, таму спытала, ці зь ім такое было. І ён коратка адказаў, што так, таксама прапаноўвалі, але ён адмовіўся. І больш пра гэта гаварыць ня стаў. Магчыма, нешта ці нехта яму заміналі», — мяркуе Натальля.

Паводле інфармацыі Натальлі, у івацэвіцкай калёніі № 22 сама меней чатыром вязьням, асуджаным за пратэсты, прапаноўвалі падаваць прашэньні аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, і двое адмовіліся гэта рабіць.

Уладзіславу 28 гадоў, ён жанаты. Затрымалі яго ў верасьні мінулага году. У 22-й калёніі Ўладзіслаў з 1 сакавіка. Працуе на дрэваапрацоўцы. У траўні маці прыяжджала да сына на першае спатканьне.

«Казаў, спачатку іншыя вязьні ледзь ня пальцам на „палітычных“ паказвалі. Маўляў, глядзіце, вунь бчбэшнік ідзе. Адміністрацыя таксама ставілася асабліва. Там усіх палітычных, хто трапляе ў калёнію, прапускаюць ня толькі праз карантын, але і праз карцар. Сын ужо сядзеў у карцары, і „атаварку“ яму скарацілі. Але паступова стаўленьне нармалізавалася. Расказваў, што па БТ там бачылі пра тое, як памёр вязень у калёніі, а тады даведаліся, што гэта „палітычны“, Вітольд Ашурак. І сказаў, што стаўленьне ахоўнікаў з таго часу стала лепшым», — расказала Натальля.

Паводле Натальлі, яе сын на судзе не прызнаў віны, але кампэнсацыю міліцыянтам, якіх суд прызнаў пацярпелымі, ён ужо сплаціў.

«700 рублёў і штраф мы сплацілі», — кажа Натальля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG