Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і ператрусы 10 чэрвеня: актывісту пагражае 5 гадоў зьняволеньня за інтэрвію па тэлефоне


Андрэй Шарэнда перад судом над сваёй жонкай Палінай

Сілавыя структуры Беларусі надалей перасьледуюць людзей за пратэсты супраць сфальшаваных выбараў і гвалту. Свабода адсочвае гэтыя падзеі. Артыкул абнаўляецца.

Пагроза 5 гадоў турмы за тэлефоннае інтэрвію

Пракуратура Берасьця паведаміла пра накіраваньне ў суд крымінальнай справы аб паклёпе на прэзыдэнта. Праваабаронцы мяркуюць, што гаворка пра актывіста Андрэя Шарэнду.

«29 сакавіка 38-гадовы берасьцеец Ш., адказваючы на пытаньні па мабільным тэлефоне, даў інтэрвію нявызначанаму журналісту. Пры гэтым ён пэўна ведаў, што агучаныя зьвесткі будуць разьмешчаныя ў інтэрнэце на агульнадаступным рэсурсе. У інтэрвію ўтрымліваліся паклёпніцкія зьвесткі ў дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, злучаныя з абвінавачваньнем яго ў асабліва цяжкім злачынстве. Пасьля апублікаваньня матэрыялу яго прачытала неабмежаванае кола асобаў», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Санкцыя часткі 2 арт. 367 КК прадугледжвае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленьне волі на той жа тэрмін.

Напярэдадні Паліну Шарэнду, жонку актывіста, асудзілі на 2 гады калёніі за абразу міліцыянтаў і Лукашэнкі, а таксама за плявок, сарваную маску і падрапаны нос супрацоўнікаў міліцыі падчас агляду яе кватэры.
У сужэнцаў двое непаўналетніх дзяцей.

Затрымалі заснавальніцу народнага калектыву з-пад Жабінкі

Тым часам сілавікі не спыняюць рэпрэсіі ў Жабінкаўскім раёне. Раніцай 10 чэрвеня яны прыйшлі дадому да 49-гадовай Натальлі Дырман з аграгарадку Хмелева і правялі ў яе ператрус, пасьля чаго затрымалі саму гаспадыню.

Натальля Дырман — вядомы ў рэгіёне чалавек, заснавальніца народнага калектыву гумару і песьні «Хмелеўскія валацугі», адзначае тэлеканал «Белсат».

Яна прызнавалася «Чалавекам году» у галіне культуры на Берасьцейшчыне, мае шмат узнагародаў, маці траіх дзяцей. Летась у жніўні жанчына звольнілася зь дзяржаўнай працы.

Затрыманьні ў Менску і Салігорску

Паводле «Вясны», сёньня былі затрыманьні і ў Менску, сярод затрыманых

  • Аляксей Лабуновіч;
  • Сяргей Пятрушэнка.

Сяргея затрымалі па дарозе на працу. Яго машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ, з машыны выштурхнулі жанчыну людзі з аўтаматамі і ў шлемах. Адабралі тэлефоны, праверылі кампутары. Сяргея затрымалі і адвезлі дадому, дзе правялі ператрус, пасля чаго адвезлі ў ГУБАЗіК. Па папярэдняй інфармацыі, яму інкрымінуюць ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.

У Салігорску супрацоўнікі АМАПу затрымалі відэамантажора Iгара Сцяпурку. Раней ён распавядаў, што да яго ламiлicя ў дамафон.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG