Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша ніва»: Прашэньне аб памілаваньні прапануюць пісаць і тым, каго яшчэ не судзілі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

Тыя, хто прыходзіць у камэры да вязьняў, называе сябе прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа, аднак у самой арганізацыі зьняпраўдзілі датычнасьць да візытаў.

Напісаць «прашэньне аб памілаваньні» прапануюць ня толькі тым, хто атрымаў тэрмін і знаходзіцца ў калёніях, але і людзям у СІЗА, якія толькі чакаюць суду, піша «Наша ніва».

«Прыходзяць людзі, якія называюць сябе „прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа“, настойліва ўгаворваюць пісаць і выходзіць на свабоду», — кажуць крыніцы выданьня.

Напярэдадні Вольга, маці 22-гадовага вязьня шклоўскай калёніі № 17, пацьвердзіла Свабодзе, што яму прапаноўвалі пісаць прашэньне аб памілаваньні. Падобная інфармацыя стала паступаць у пачатку чэрвеня з розных крыніц. Інфармацыя дайшла з калёній у Наваполацку, Віцебску і Шклове. Паводле Марыны Адамовіч, жонкі Мікалая Статкевіча, вядома сама меней 5 падобных фактаў.

Аднак у прэс-службе Чырвонага Крыжа зьняпраўдзілі інфармацыю пра тое, што гэта іх прадстаўнікі прыходзяць у калёніі да вязьняў з падобнымі просьбамі.

«У нас няма доступу ўнутр турмаў, нас не пускаюць да зьняволеных. Мы надаём толькі гуманітарную дапамогу. Чырвоны Крыж можа перадаваць сродкі гігіены, ваду, ежу, кнігі. Мы пакідаем рэчы адміністрацыі, і яны ўжо разьмяркоўваюць. Але нашы прадстаўнікі ня могуць гутарыць са зьняволенымі».

У Беларусі 476 чалавек маюць статус палітвязьня, яшчэ сотні арыштаваныя або ўжо асуджаныя ў справах, зьвязаных з пратэстамі супраць кіраваньня Лукашэнкі.

Прапановы пісаць прашэньне на памілаваньне на імя Лукашэнкі паступалі вязьням у палітычных справах і раней, напрыклад людзям, якія сядзелі за падзеі Плошчы-2010. Пасьля замежных санкцый супраць афіцыйнага Менску з турмаў вызвалілі як тых, хто пісаў прашэньне, так і тых, хто катэгарычна адмовіўся рабіць гэта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG