Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і штрафы 8 чэрвеня: арганізатара канцэрту асудзілі за воклічы гледачоў «Жыве Беларусь!», 6 дзён арышту за стужкі на дрэвах

абноўлена

Дваровы канцэрт, ілюстрацыйнае фота
Дваровы канцэрт, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі сілавыя структуры надалей перасьледуюць людзей за грамадзянскую пазыцыю. Свабода адсочвае і апісвае надзвычайныя падзеі.

Штраф 2175 рублёў за канцэрт

Дырэктара менскага івэнт-агенцтва абвінавацілі ў тым, што гледачы крычалі «Жыве Беларусь!» на канцэрце.

У судзе Кастрычніцкага раёну Менска адбыўся суд над дырэктарам канцэртнага агенцтва Антонам Сасноўскім, які ў канцы траўня арганізоўваў выступ гурту «Пошлая Молли».

Як паведамляе «Вясна», на мэнэджара склалі пратакол паводле ч.2 арт. 24.23 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства).

Згодна зь ім, 26 траўня Сасноўскі «парушыў парадак арганізацыі і правядзеньня канцэрту, падчас якога прысутныя выказвалі свой грамадзка-палітычны настрой шляхам выкрыкваньня лёзунгу „Жыве Беларусь!“».

Відэа «правапарушэньня» выявілі супрацоўнікі міліцыі празь некалькі дзён у адным з тэлеграм-каналаў.

Антон Сасноўскі патлумачыў судзьдзі Аляксандру Рудэнку, што «інцыдэнт адбыўся падчас паўзы, якая ўзьнікла з тэхнічнай няспраўнасьці, калі арганізатары займаліся яе ліквідацыяй». Зь яго словаў, выкрыкі гледачоў доўжыліся ня больш за 30 сэкундаў і ў поўным аб’ёме трапілі на відэа.

Аднак судзьдзя прызнаў мэнэджара вінаватым і аштрафаваў яго на 2175 рублёў (75 базавых велічыняў).

Жыхарку Калодзішчаў арыштавалі на 6 сутак за БЧБ-стужкі на дрэвах

4 чэрвеня 36-гадовая жыхарка Калодзішчаў пад Менскам Натальля Івяндзікава ехала на працу, але па дарозе яе затрымалі міліцыянты, павезьлі яе назад дадому і правялі ператрус. Адразу васьмёра сілавікоў праводзілі яго без панятых 2,5 гадзіны, сканфіскавалі ўсю тэхніку, у тым ліку і мужаву, на якой той працуе. Акрамя тэхнікі, ў жанчыны забралі кнігу Сьвятланы Алексіевіч і стужкі нацыянальных колераў. У РАУСе на Натальлю склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаваньне».

Міліцыянт пад псэўданімам «Неўскі» сьведчыў у судзе супраць жанчыны, сьцьвярджаючы, што «бачыў Івяндзікаву раніцай, але не фатаграфаваў яе дзеяньні і правапарушэньня не спыняў». Казаў, што лёгка апазнаў жанчыну, пры гэтым ня ўспомніўшы, якое адзеньне было на жанчыне ў той момант, за тры дні да суду.

Натальля віны не прызнала, гаворачы, што, а 6-й раніцы спала і нікуды не выходзіла, што пацьвердзіў і яе муж, якога запрасілі сьведкам. Тым ня менш судзьдзя Вадзім Казей арыштаваў Натальлю на 6 дзён.

Жлобін, Добруш, Гомель: затрыманьні і новыя крымінальныя справы

  • Жлобін

У Жлобіне працягваюцца затрыманьні па крымінальнай справе «аб групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК РБ) па падзеях жніўня 2020 году. Стала вядома пра затрыманьне 57-гадовага Пятра Канстанцінава і 31-гадовага Сяргея Якуба. Раней былі затрыманыя Мікіта Круглік (вызвалены праз 72 гадзіны), Ян Сьцяцэнка, Мікалай Ісаенка. Таксама праваабаронцам вядома пра затрыманьне былога міліцыянта Ўладзімера Жука, ён знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА, але па якой менавіта крымінальнай справе — невядома.

Па справе аб абразе міліцыянта (арт. 369 КК РБ) затрымалі Юрыя Малашкова: у траўні 2020 году ён напісаў камэнтар у «Аднакласніках» пад пастом з асабістымі зьвесткамі ўчастковага з Бабруйска, пішуць «Сильные новости».

  • Добруш

Затрымалі 22-гадовага жыхара Добрускага раёну па крымінальным артыкуле аб абразе прэзыдэнта (арт. 368 КК РБ). Паводле МУС, ён улетку «напісаў і выканаў песьню, тэкст якой утрымлівае абразы ў адрас кіраўніка дзяржавы; трэк быў распаўсюджаны ў сацсетках і на музычных інтэрнэт-плятформах».

  • Гомель

Телеграм-канал МУС паведамляе, што ў Гомлі завялі крымінальную справу па арт. 370 КК («Зьдзек зь дзяржаўнага сьцяга») за зьняцьце чырвона-зялёнага сьцяга і замену яго на чырвона-белы парасон 5 чэрвеня. Затрымалі мужчын 35 і 37 гадоў.

Таксама гомельская пракуратура завяла новыя крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 179 Крымінальнага кодэксу за распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцьці 6 судзьдзяў раённых судоў Гомля і намесьніка старшыні раённага суду, паведамляе «Флагшток».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG