Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Вацлава Іваноўскага


Вацлаў Іваноўскі

Падзеі 7 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1099 — падчас першага крыжовага паходу пачалася аблога Ярусаліму.

1563 Жыгімонт ІІ Аўгуст выдаў Віленскі прывілей, які зраўняў у правах праваслаўных і каталікоў у Вялікім княстве Літоўскім.

1927 — у Варшаве супрацоўнік «Беларускага слова» Барыс Каверда забіў савецкага амбасадара Пятра Войкава.

1958 — на левым узьбярэжжы Заходняй Дзьвіны пачалося будаўніцтва гораду Наваполацку.

1995 — па выніках рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў палажэньні аб дзяржаўным гербе і сьцягу. На зьмену бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу «Пагоня» афіцыйна вярнуліся амаль ня зьмененыя сьцяг і герб БССР. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце заявілі пра нелегітымнасьць рэфэрэндуму.

У Менску пры поўным стадыёне «Дынама» з нацыянальнымі сьцягамі футбольная зборная Беларусі здабыла гістарычную перамогу над Галяндыяй. Пераможны гол забіў паўабаронца Сяргей Герасімец.

У гэты дзень нарадзіліся

1794 — нарадзіўся Пётар Чаадаеў, расейскі рэлігійны філёзаф, прыхільнік каталіцтва. За крытыку праваслаўя і самаўладзтва быў абвешчаны вар’ятам.

1848 — нарадзіўся Поль Гаген, францускі мастак.

1880 — нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі, палітык, вучоны, выдавец, дзеяч нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст. і нацыянальнага руху 1-й пал. 1940-х; ахвяра нераскрытага забойства.

Вацлаў Іваноўскі
Вацлаў Іваноўскі

Сьціхотна робіцца, калі задумваесься, колькі талентаў і інтэлектуальных сілаў мы аддалі суседзям, часта атрымліваючы ад іх на падзяку нежаданьне нават прызнаваць, што ёсьць на сьвеце такі народ — беларусы. Своеасаблівым сымбалем гэтых стратаў ёсьць шляхецкая сям’я Іваноўскіх. З чатырох братоў два, Станіслаў і Юры, сталі перакананымі палякамі, яшчэ адзін, Тадэвуш, — літоўцам. На шчасьце, Беларусь не аддала чацьвертага брата — Вацлава.

Выпускнік Пецярбурскага тэхналягічнага інстытуту, у дваццаць дзевяць гадоў доктар навук, ён замест яснай і гладкай кар’еры абраў непрадказальны шлях беларускага дзеяча.

Ён быў сярод заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Ствараў першае беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца» і быў яго кіраўніком. Пісаў у «Нашу Ніву» (псэўданім Вацюк Тройца). Дарэчы, гэта Іваноўскі стаў ініцыятарам увядзеньня ў беларускую лацінку літараў Č, Š, Ž, якія адрозьнівалі б яе ад польскай.

У жыцьці Вацлава Іваноўскага здараліся пэрыяды, калі ён адыходзіў ад грамадзка-палітычнай дзейнасьці й заглыбляўся ў сваю ўлюбёную навуку — хімію. Але беларушчына не адпускала.

Ён быў дэлегатам Першага Ўсебеларускага зьезду, займаў пасаду міністра асьветы ва Ўрадзе БНР на чале з Антонам Луцкевічам і ўдзельнічаў у перамовах з палякамі, імкнучыся прадухіліць падзел Беларусі
паміж Польшчай і савецкай Расеяй. Тым часам ягоны брат Станіслаў, баронячы польскія інтарэсы, меў заданьне схіліць Урад БНР да калябарацыі, а Тадэвуш — ужо Тадас Іванаўскас — быў эмісарам літоўскага ўраду ў Шчучыне. (Юры стане называцца Ежы і зробіцца міністрам у польскім урадзе.)

У гады Другой усясьветнай вайны Іваноўскі зноў вярнуўся да палітычнай дзейнасьці: узначальваў Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні, уваходзіў у Цэнтральную Раду Беларускай народнай самапомачы, быў намесьнікам старшыні Беларускага навуковага таварыства.

Прызначаны акупацыйнымі нямецкімі ўладамі на пасаду бургамістра Менску, Іваноўскі тым ня менш падтрымліваў сувязі як зь незалежніцкімі беларускімі коламі, так і з Арміяй Краёвай. З улікам гэтых акалічнасьцяў вэрсія пра забойства Іваноўскага савецкімі партызанамі не выглядае цалкам пераканаўчай.

У сьмерці надзвычай аўтарытэтнага беларуса былі ня меней зацікаўленыя і самі нацысты.

Магіла Вацлава Іваноўскага
Магіла Вацлава Іваноўскага

За савецкім часам ягоная магіла на менскай Кальварыі была занядбаная. Сапраўдны надмагільны помнік Вацлаву Іваноўскаму зьявіўся толькі ў 2006-м. Улады тут, вядома, ні пры чым: грошы на ўшанаваньне памяці выдатнага беларускага дзеяча сабрала разам з аднадумцамі жыхарка Менску Людміла Ліцьвінава.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-у выданьне, с.220-221

У памяці

1492 — у Горадні памёр Казімір Ягелончык, вялікі князь літоўскі у 1440–1492.

1976 — памёр Міхась Машара, заходнебеларускі паэт, савецкі празаік і перакладчык.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG