Лінкі ўнівэрсальнага доступу

275 сутак і 14 500 рублёў. Праваабаронцы падлічылі пакараньні актывістам у дварах за першы тыдзень чэрвеня


Дваровы марш, архіўнае фота
Дваровы марш, архіўнае фота

У першы тыдзень чэрвеня суды каралі актывістаў сталічных мікрараёнаў Цівалі, Сухарава і Прытыцкага.

Увечары 2 чэрвеня ў парку Цівалі міліцыянты затрымалі 12 чалавек, якіх абвінавацілі ў шэсьці зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і лёзунгамі па вуліцы Матусевіча. Справы затрыманых 3 чэрвеня ў судзе Фрунзэнскага раёну разглядалі судзьдзі Марыя Ярохіна і Юлія Блізьнюк: васьмярых чалавек арыштавалі на 15 сутак, а дваіх мужчын на 30. Яшчэ дваіх жанчын, якія маюць непаўнагадовых дзяцей, аштрафавалі на 2900 рублёў, піша тэлеграм-канал «„Вясна“ назірае».

За масавы марш, які прайшоў 27 траўня на вуліцы Прытыцкага, увечары 3 чэрвеня затрымалі чацьвярых мінчукоў. На усіх склалі пратаколы за ўдзел у масавым мерапрыемстве па арт. 24.23 КаАП. 41-гадовага Алега Бабінцава сьведка-міліцыянт нібыта апазнаў па відэа на «адным з дэструктыўных тг-каналаў». Судзьдзя Блізьнюк не прыняла да ўвагі відэа з камэраў назіраньня, якое пацьвярджала, што падчас маршу Бабінцаў быў дома з сынам. Вынік — 30 сутак арышту.

44-гадовая Сьвятлана Маліноўская здымала Марш на відэа са свайго балькону, але па пратаколе — «ўдзельнічала ў маршы». Судзьдзя Ярохіна пагадзілася паглядзець відэа на тэлефоне жанчыны, якое яна да гэтага паказвала самім міліцыянтам падчас затрыманьня. Але відэа на тэлефоне не аказалася — яго выдалілі міліцыянты, што пацьвердзіў сын жанчыны, які потым знайшоў гэта відэа на «воблаку» для захоўваньня інфармацыі. Але судзьдзя аштрафавала Маліноўскую на 2900 рублёў.

30 сутак атрымаў Дзяніс Пазьняк, які казаў, што ў маршы ня ўдзельнічаў, а толькі здымаў яго на тэлефон. Ён таксама заявіў, што міліцыянты выдалілі відэа зь яго тэлефону.

За марш у мікрараёне «Сухарава» трох жанчын арыштавалі на 10-15 сутак, а адну аштрафавалі на 5800 рублёў. Сваякі сьцьвярджаюць, што жанчыны ў маршы ня ўдзельнічалі.

Агулам за першы тыдзень чэрвеня беларускія судзьдзі пакаралі суткамі і штрафамі 20 чалавек, якія нібыта ўдзельнічалі ў дваровых маршах. Ім на ўсіх далі 275 сутак арышту і 14 500 рублёў штрафу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG