Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Элізы Ажэшкі


Эліза Ажэшка
Эліза Ажэшка

Падзеі 6 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

6 чэрвеня 1841 году нарадзілася Эліза Ажэшка, польска-беларуская пісьменьніца.

Таксама ў гэты дзень

1664 — войска гетмана Міхала Казімера Паца перамагло маскоўскае войска пад Віцебскам.

1757 — пажар зьнішчыў віцебскі Ніжні замак, які пасьля так і не аднавіўся.

1794 — адбылася бітва пад Шчэкацінамі, паміж войскамі Рэчы Паспалітай і аб’яднанымі войскамі Расейскай імпэрыі і Каралеўства Прускага.

1962 — заснавана Беларускае таварыства аховы прыроды.

1982 — адбылося ізраільскае ўварваньне ў Лібан.

1996 — стварылі Беларускую лігу інтэлектуальных каманд, якая ладзіць інтэлектуальныя гульні і турніры. Напрыклад, «Што? Дзе? Калі?», «Свая гульня», «Эрудыт-квартэт» і іншыя.

У гэты дзень нарадзіліся

1686 — Антоні Юзэф Жалкоўскі, рымска-каталіцкі дзяяч, біскуп.

1799 — Аляксандар Пушкін, расейскі паэт і пісьменьнік.

1875 — Томас Ман, нямецкі пісьменьнік.

У памяці

1934 — Браніслаў Эпімах-Шыпіла, беларускі выдавец, мовазнавец, культурны і рэлігійны дзяяч.

1961 — Карл Густаў Юнг, швайцарскі псыхіятар.

1964 — Альбіна Асіповіч, амэрыканская спартоўка беларускага паходжаньня.

1991 — Стэн Гэтц, амэрыканскі джазавы саксафаніст.

2011 — Уладзімер Конан, беларускі філёзаф, літаратуразнаўца, крытык.

Некалькі гадоў мы жылі з спадаром Уладзімерам у суседніх дварах менскай Серабранкі. Зрэдку сустракаліся на вечаровых прагулянках, і да нас далучалася «дама» — прыручаная ім (небывалая рэч!) гарадзкая куніца-беладушка, што гаспадарыла ў сутарэньнях ягонага дому.

Побач зь ім я зазвычай адчуваў лёгкую вусьціш: маім суразмоўцам быў чалавек фантастычных ведаў і фантастычнага складу розуму.

Сілаю сваёй заўсёды маладой думкі ён уздымаўся зь серабранкаўскай кватэры ўкасьмічныя вышыні, вызначаючы адтуль месца Беларусі ў сусьветнай культуры, ды мужна зазіраў у будучыню. У той прадзьмутай усімі вятрамі аднапакаёўцы на ягоным апошнім паверсе самага высокага серабранкаўскага шматпавярховіка пад сьціплую вячэру ды кілішак зусім зямнога напою — айчыннага джыну «Ведрыч» з даўніх і, трэба сказаць, паважных прафэсарскіх запасаў — мне была прачытаная не адна лекцыя зь філязофіі, літаратуразнаўства, гісторыі. Ён не баяўся чапаць даўно, здавалася б, кананізаваных аўтарытэтаў. «Сымон Будны? Не прымаў ні хрысьціянскага мастацтва, ні народных карнавалаў, музыкі, сьпеваў».

Калі гаспадар замаўкаў, я мэтафізычна і фізычна адчуваў, што над намі — толькі неба. Вяртаючыся дадому, пракручваў у памяці пачутае, доўга шпацыраваў па набярэжнай нашага каналу — натхняўся, рыхтаваўся да бяссоннай ночы за пісьмовым сталом.

Бывала — сустракаў у двары іншага суседа, сяржанта спэцназу, які неяк пахваліўся, што заробак у яго большы, чым у гэтага дзівака-прафэсара.

На той час Конан працаваў загадчыкам аддзелу ў Нацыянальным навукова-асьветным цэнтры імя Скарыны. Там сабралася сузор’е бліскучых дасьледнікаў, што ўрэшце, у новай палітычнай сытуацыі другой паловы 1990-х, і прадвызначыла лёс асяродку.

Скарынаўскі цэнтар быў зьнішчаны, хоць у іншых умовах мог бы ператварыцца ў Інстытут Беларусі з сваімі прадстаўніцтвамі ў іншых краінах — накшталт добра вядомых нам Польскага інстытуту альбо Інстытуту Гётэ.

Конан, які лічыў, што «даўнія прыкметы беларускай нацыянальнай культуры — гераізм і трагічнасьць», так і ня стаў ні акадэмікам, ні членам-карэспандэнтам. Але я ўяўляю, колькі гэтых самых членаў пякуча зайздросьцілі ягоным шматлікім манаграфіям, тысячам энцыкляпэдычных артыкулаў, доказным і дасьціпным рэцэнзіям у пэрыёдыцы. А яшчэ — адважным публічным выступам, падчас аднаго зь якіх з акадэмічнай трыбуны ён прамовіў: «Манголы рабавалі кішэні, а расейцы рабуюць душы».

Вазьміце ў рукі выдадзеную яшчэ ў 1976-м кніжку Ўладзімера Конана пра выбітнага літаратурнага крытыка Адама Бабарэку.

У разьвітальным слове пасьля канчатковага сыходу вучонага ў захмарныя вышыні малодшы калега філёзаф Валянцін Акудовіч сказаў, што, прачытаўшы менавіта тую кніжыцу, ён яшчэ за савецкай уладай зразумеў: «Няма іншага часу, акрамя таго, які выбіраеш для сябе сам. І Конан, беларускі Дон Кіхот, абраў сабе час духу, у якім застанецца навечна».

Ён сапраўды там, у беларускай Вечнасьці.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-у выданьне, С.604-605

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG