Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узімку праваабаронца Судаленка дапамог з дровамі шматдзетнай вясковай сям’і. Сьледзтва назвала гэта «арганізацыяй пратэстаў»


Леанід Судаленка

Прыяцелька зьняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі атрымала ад яго ліст. Ён піша, што яму прад’явілі канчатковае абвінавачаньне, і расказвае пра сваю «віну».

Праваабаронца ў гомельскім СІЗА-3 ужо 137 дзён. У лісьце, датаваным 31 траўня, ён паведаміў, што з пачатку чэрвеня пачынае знаёміцца з матэрыяламі справы. Канчатковае абвінавачаньне яму прад’явілі 28 траўня, па частках 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і фінансаваньне масавых беспарадкаў).

«Памятаеш, як я ўзімку дапамог дровамі вясковай шматдзетнай сям’і? Сьледзтва гэта палічыла арганізацыяй пратэстаў. Таму што потым, у лютым, іх тата быў асуджаны за ўдзел у пратэстах», — піша з турмы праваабаронца.

Сапраўды, узімку Леанід Судаленка разьмясьціў у сваім Facebook допіс, дзе прасіў неабыякавых людзей дапамагчы вяскоўцам набыць дровы, бо іначай шматдзетную сямʼю паставілі б у «сацыяльна-небясьпечнае становішча». Пазьней галаву сямʼі асудзілі нібыта за ўдзел у масавых беспарадках.

«Арганізацыяй масавых беспарадкаў» сьледзтва палічыла і допіс праваабаронцы ў Facebook з прапановай сустрэць з ізалятара часовага ўтрыманьня жыхарку Гомля. «Гэта значыць, што я арганізаваў натоўп і хацеў яго кантраляваць», — піша ў лісьце Судаленка.

Апроч яго, абвінавачаныя па гэтай справе ягоныя памочніцы Марыя Тарасенка і Тацьцяна Ласіца. Марыя Тарасенка, паводле інфармацыі зь ліста праваабаронцы, вінаватая ў «арганізацыі беспарадкаў», а менавіта ў тым, што «некалькі разоў пастаяла ў чарзе ў банку па маёй просьбе».

Паводле праваабаронцы, крымінальная справа складае 50–60 тамоў. У абвінавачаньні прапісана дапамога 346 асобам, якім дапамагаў Судаленка. «Уяві, калі іх усіх захочуць апытаць у судзе?», — піша ў лісьце праваабаронца.

Пасьля азнаямленьня са справай яе перададуць у суд. Праваабаронца мяркуе, што суд пачнецца прыкладна ў сярэдзіне лета.

«Суд, потым перасуд... Да верасьня, да майго 55-гадовага юбілею скончу тут судовыя справы і паеду ў лягер на некалькі гадоў, вывучаць паглыблены курс „турэмнага права“», — піша праваабаронца.

Ён жартуе, што «ў выпадку ўзьнікненьня форс-мажору ўгаворваць мяне вярнуцца дадому не давядзецца». «У мяне пачынаецца халоднае лета 2021, як і для ўсёй краіны», — дадае арыштаваны.

Яму не дазволілі спатканьня зь сям’ёй.

  • Вядомы праваабаронца, ляўрэат прэміі Францускай Рэспублікі «Свабода, роўнасьць, братэрства» Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі» і «фінансаваньні» масавых беспарадкаў (частка 1 і частка 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу). Так сьледзтва трактавала дапамогу праваабаронцы ўдзельнікам акцый пратэсту — юрыдычную і грашовую. Судаленка часткова дапамагаў людзям сплачваць штрафы. Ён казаў, што робіць гэта з францускай прэміі (яна склала 15 тысяч эўра).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG