Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паштарам у Беларусі выдадуць рэвальвэры, аўтаматычныя пісталеты і аўтаматы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

МУС вызначыла нормы забесьпячэньня зброяй і боепрыпасамі, якія будуць выдаваць работнікам прадпрыемстваў з «асаблівымі статутнымі задачамі». У лік арганізацый ўвайшла і «Белпошта».

Галоўнай навацыяй у нормах стала тое, што агнястрэльную баявую зброю атрымаюць паштовыя апэратары. Пісталет ці рэвальвэр змогуць мець пры сабе супрацоўнікі «Белпошты» — начальнікі вузлоў сувязі, участкаў, аддзяленьняў сувязі, галоўнай касы, а таксама апэратары сувязі, паштары і кіроўцы. Усе нормы, пасады работнікаў і мадэлі зброі апісаныя ў пастанове МУС, якую апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Апэратарам сувязі ў дадатак да пісталета ці рэвальвэра выдадуць яшчэ і аўтаматы.

Доступ да зброі атрымаюць таксама работнікі дзяржаўнага прадпрыемства «Спэцыяльная сувязь» — фэльд’егеры ў адмысловых даручэньнях і іншыя асобы.

Астатнія нормы тычацца пераважна работнікаў арганізацый, якія, як правіла, і раней мелі доступ да зброі або абавязак яе нашэньня на службе.

Галоўныя палясоўшчыкі, дырэктары лесапаляўнічых гаспадарак, егеры і старшыя егеры мусяць мець па адным відзе зброі з наразной руляй (мінімум 50 патронаў) і адну гладкарульную (мінімум 80 патронаў).

Для спартовага таварыства «Дынама» прапісалі абавязковую наяўнасьць 20 паляўнічых вінтовак з наразной руляй, 10 вінтовак з гладкай і 20 пісталетаў ІЖ-71 і МР-71 калібру 9×17. Таварыства паляўнічых і рыбаловаў — яго рэспубліканскае аб’яднаньне, а таксама абласныя і раённыя структуры мусяць мець па 10 адзінак зброі.

Прыватнае ахоўнае прадпрыемства «ГардСервис» мусіць мець рэвальвэры, па адной адзінцы, для такіх пасад як начальнік аддзелу кіраваньня і рэагаваньня, інспэктар, начальнік атраду і яго намесьнік, камандзір аддзяленьня, стралок, кантралёр на КПП, праваднік службовых сабак, дзяжурны пульту кіраваньня, а таксама ўвесь інструктарскі склад. Некаторым супрацоўнікам выдадуць таксама паляўнічыя стрэльбы, сыгнальныя пісталеты, сьлезацечны газ і шокеры.

Па пісталеце або рэвальвэры мусяць мець інкасатары — старшы інкасатар, інкасатар, кіроўца, і інкасатар або кіроўца, які ахоўвае касіра абменнага пункту. Аўтамат, як і раней, будуць выдаваць на адну інкасатарскую брыгаду.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG